У Бабруйску паўтары месяцы не прыбіраюць свастыку (фота)
У бабруйскім мікрараёне №6 ужо паўтары месяцы не знікае са сцяны будынка намаляваная чорнай фарбай свастыка. За гэты час забаронены сімвал не выклікаў цікавасці ні ў міліцыянтаў, ні ў камунальнікаў.
-Часам я хаджу дахаты пешшу па вуліцы Будаўнікоў, у накірунку канцавога прыпынка тралейбуса № 2. Якраз тут і знаходзіцца закінуты будынак, на які нехта нанёс выяву свастыкі. Яна даволі вялікая і вельмі добра бачная мінакам. Больш за тое, яе можна заўважыць нават з пляцоўкі тралейбуснага прыпынка, які знаходзіцца праз дарогу, якраз насупраць, - распавядае бабруйчанка Вольга Піманава.
Побач з закінутым будынкам са свастыкай пралягае пешаходная дарожка, стаяць шматпавярховыя дамы, ёсць праезная частка. Кожны дзень сімвал бачаць сотні жыхароў мікрараёна.
-Я непрыемна ўражана тым, што свастыка так доўга нікім не зафарбоўваецца. Атрымліваецца, нават на фоне нядаўніх пышных святкаванняў вызвалення Беларусі ад захопнікаў яна нікаму не “калола вочы”? Гэта вельмі прыкра, - адзначае Вольга Піманава.
Гэта не першы выпадак, калі ў Бабруйску доўгі час не знішчаюцца фашысцкія ці антысемсіцкія сімвалы і надпісы. Пры гэтым, надпісы кшталту “Жыве Беларусь” камунальнікі звычайна прыбіраюць на працягу адных сутак.
Па артыкулу № 17.10 Адміністрацыйнага кодэкса РБ “Прапаганда і (ці) публічнае дэманстраванне, выраб і (ці) распаўсюд нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі” невядомага бабруйскага “мастака”, у выпадку яго затрымання, чакаў бы штраф ці адміністрацыйны арышт.