Група грамадзян патрабуе спыніць прапаганду пагроз насілля з боку кіраўніка дзяржавы
Дванаццаць жыхароў Магілёва накіравалі старшыні грамадскага савета па маральнасці Мікалаю Чаргінцу, генпракурору Аляксандру Канюку і міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму ліст, у якім просяць не дапускаць публічных пагроз насілля з боку кіраўніка дзяржавы.
Ініцыятарам звароту выступіў мясцовы актывіст незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Аляксей Паўлоўскі.
Пагрозу насілля аўтары ліста ўгледзелі ў выступленні Аляксандра Лукашэнкі падчас нядаўняга наведвання ім Магілёўскай вобласці. У сюжэце, паказаным па беларускіх цэнтральных тэлеканалах 8 ліпеня, кіраўнік дзяржавы, закранаючы тэму вытворчасці кормаўборачнай тэхнікі, заявіў, што "зніме галаву" службовым асобам, калі вырабленая тэхніка будзе няякаснай.
"Гэты рэпартаж бачылі па БТ не толькі дарослыя, але і дзеці. І ў свядомасці дзяцей, маладога пакалення, членаў БРСМ пагрозы жудаснай расправы — "адарваць галаву" падпарадкаваным міністрам — з боку гаранта правоў і законнасці маладой незалежнай дзяржавы асацыюецца з фільмамі жахаў", — гаворыцца ў лісце.
Яго аўтары просяць кіраўніка грамадскага савета па маральнасці, які з`яўляецца старшынёй камісіі па правах чалавека і СМІ Палаты прадстаўнікоў, а таксама генпракурора і міністра інфармацыі "не дапускаць у СМІ паказ і публікацыю выказванняў кіраўніка дзяржавы, якія могуць негатыўна адбіцца на псіхіцы дзяцей, а таксама дыскрэдытаваць нашу сінявокую Беларусь у вачах сусветнай супольнасці".
У лісце гаворыцца пра неабходнасць абмеркаваць падобныя выказванні на спецыяльных слуханнях у Палаце прадстаўнікоў, а таксама абавязаць прэзідэнта Беларусі прынесці публічныя прабачэнні ў СМІ "зняважаным міністрам, дзецям і тэлегледачам".