Маці Гайдукова: З такім кашмарам мы сутыкнуліся ўпершыню
Вольга Гайдукова, маці Андрэя Гайдукова, які пасьля суду ўтрымліваецца ў Віцебскім СІЗА, пагутарыла з карэспандэнтам Радыё Свабода.
Вольга Гайдукова, маці Андрэя
Гайдукова, які пасьля суду ўтрымліваецца ў Віцебскім СІЗА,
сказала карэспандэнту Свабоды, што застаецца толькі спадзявацца на адмену
прысуду і вызваленьне сына. Яна паведаміла, што два адвакаты падалі скаргі
на прысуд і сам Андрэй павінен падаць такую скаргу:
«Я ня ведаю, як гэта хутка будзе вырашацца. І што будзе
далей, пакуль невядома. Я ведаю, што Андрэй таксама рыхтаваў скаргу. Нам
адвакат сказаў, што Андрэй скаргу піша і адправіць. Тут жа такі
артыкул дзіўны, што можна зрабіць так, а можна інакш. І любое
рашэньне будзе суб’ектыўным. Будзем спадзявацца на лепшае. Гэта ж які
на яго аказваўся ціск, каб пацьвердзіць артыкул, які яму высунулі адразу?
Я магу пра гэта толькі меркаваць, бо гэта кашмар. Ну, а што
цяпер? Я, ведаеце, у гэтых справах ня вельмі разьбіраюся.
Бо з такім кашмарам мы сутыкнуліся ўпершыню ў нашай сям’і.
Усё будзем рабіць праз адвакатаў. Для мяне ўсё гэта зачынена,
як і для ўсіх астатніх, тым болей, што лісты ідуць вельмі дрэнна.
Напэўна, і нашы ідуць гэтак жа. Адзін ліст нядаўна прыйшоў, які
Андрэй пісаў 10 дзён таму. Адзін ліст быў ад 3 ліпеня.
Літаральна на палову старонкі з нататніка. Асабліва там нічога
ён ня піша. Бо калі ён яшчэ нешта і напіша, то мы гэты
ліст дакладна не атрымаем. Пасьля таго ліста, які, ня ведаю як,
прайшоў да Тацяны
Севярынец, цэнзура вось так узмацнілася. Я думаю,
з такім жа інтэрвалам і нашы лісты даходзяць. Ён вяртае нам
лісты, якія ён атрымаў, каб мы ведалі, што ён прачытаў,
а што не. Перадачы яму перадаём, тут усё нармальна».
Адразу пасьля суду спадарыня Вольга мела сустрэчу з сынам і ўпершыню
апавяла пра гэта карэспандэнту Свабоды:
«Адразу пасьля суду ў нас
была сустрэча з Андрэем. 1 ліпеня пасьля абеду
мы зь ім сустрэліся ў СІЗА. Прыкладна каля дзьвюх гадзін
усе пагутарылі. Сустрэліся таксама сястра і муж. Па чарзе,
бо ўсіх адразу не пускалі, толькі па двое. Я проста
ня ведаю, як Андрэй увесь гэты час пратрымаўся, ён такі
малайчына. Ён практычна не памяняўся, з тым жа пачуцьцём
гумару. Маўляў, вы не перажывайце, беражыце сябе. Прынамсі зьнешнім
выглядам і яго станам я задаволена, бо я перажывала,
як ён там. Ён малайчына. Спадзяёмся на нармальнае
вырашэньне гэтага пытаньня, бо гэта ўжо так доўга цягнецца, што няма сіл.
Хочацца хутчэй яго дома ўбачыць. А так, у прынцыпе, ён трымаецца
нармальна. Дай Бог яму здароўя і ўдачы, бо ўсё непрадказальна. Але наогул
я лічу, што ён павінен быць дома».
Карэспандэнт:
«А ён сказаў вам, прызнае сваю віну ці не прызнае?»
Гайдукова:
«Пра гэта ў нас размовы не было. Я думаю, калі б
ён сябе вінаватым прызнаў, то яму прасілі б ня 2 гады,
а ўсе 15. Але ў нас такой размовы зь ім не было».
Карэспандэнт:
«А што ён кажа пра ўмовы ўтрыманьня, пра здароўе?»
Гайдукова:
«Ён нічога не казаў. Разумееце, калі што ня так (я гэта
ведаю ад адвакатаў), ён гэтыя пытаньні вырашае сам. Піша скаргі: адна
не дапамагае, піша другую. То бок ён змагаецца за сваё
існаваньне нават там. Я гэта вітаю, малайчына. Сказаў, што адчувае сябе
нармальна».
Карэспандэнт:
«А вам абяцалі новае спатканьне з сынам?»
Гайдукова:
«Ніхто нічога не абяцаў, але можна будзе паспрабаваць. Магчыма,
на наступным тыдні. Калі дазволяць, то я буду рада».
Карэспандэнт:
«Як вы сябе адчуваеце, які ваш настрой у выніку ўсёй гэтай
гісторыі?»
Гайдукова:
«Андрэй трымаецца — мы трымаемся. Як доўга гэта працягнецца, але
пакуль трымаемся. Мы аптымісты».
Карэспандэнт:
«Ці вы адчуваеце нейкі ціск, ці вам дазволена гутарыць
з журналістамі?»
Гайдукова:
«Асабіста мне ніхто нічога не забараняе. Я маці і маю права
сказаць пра свайго сына, пра яго здароўе і самаадчуваньне. Бо калі
ўжо маці, якая на пэнсіі, ня можа мець сваё меркаваньне,
то тады, даруйце, пра што размова? Дзяку Богу, мне ніхто нічога
не забараняе».