viasna on patreon

Cуд над віцебскай журналісткай перанеслі на няпэўны тэрмін

2013 2013-07-12T23:37:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sciapanava-alena-vic.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску 12 ліпеня  мусіў адбыцца судовы працэс над незалежнай журналісткай Аленай Сцяпанавай. Міліцыянты склалі на як пратакол за парушэнне закону аб СМІ, абвінаваціўшы ў працы без акрэдытацыі. Але суддзя Іна Грабоўская адправіла пратакол назад у міліцыю, бо ён быў складзены непісьменна.

"Праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што ў пратаколе не ўказаныя ні месца, ні час, ні акалічнасці правапарушэння, у якім мяне вінавацяць. Такія самыя высновы зрабіў і мой адвакат. Так што я ішла на суд з тым, каб найперш аспрэчыць гэты пратакол. Ён складзены з парушэннямі працэсуальна-выканаўчага кодэксу, старшы інспектар аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну  Сяргей Вяракса, напэўна, лічыць, што ў суд можна падаваць і такія дакументы… Падбор іх не вытрымлівае аніякай крытыкі: прыкладам, там ёсць два міліцэйскія рапарты, дзе сцвярджаецца, што я нешта пісала падчас судовых працэсаў , а потым з кімсьці размаўляла па тэлефоне. І нібыта гэта даказвае, што я  працую без акрэдытацыі на замежны СМІ", -- расказала Алена Сцяпанава.

Паводле віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава, абвінавачанне ў парушэнні Закону аб СМІ ўвогуле абсурднае. Бо журналістка – прыватная асоба, а не кіраўнік сродку масавай інфармацыі, яна не ўяўляе сабою СМІ. І таму беспадстаўна вінаваціць яе ў парушэнні парадку распаўсюду і вырабу інфармацыі – а якраз пра гэта і гаворыцца ў частцы 2 артыкула 22.9 адміністрацыйнага заканадаўства, на падставе якога складзены пратакол.

"Я была б вельмі здзіўлена, каб такія аргументы і дакументы суд прыняў да разгляду, -- працягвае Алена Сцяпанава. – І гэта добра, што суддзя не пагадзілася судзіць мяне паводле такіх доказаў. Але тое, што дакументы ў суд рыхтаваліся вельмі спешна, на працягу 2-х дзён, можа сведчыць аб нейкім загадзе "зверху" ў дачыненні да маёй асобы. Камусці дужа не падабаецца, што інфармацыя з Віцебску трапляе ў незалежныя, у тым ліку замежныя СМІ – я маю на ўвазе інфармацыю "непрычасаную", сапраўдную…. І нехта вырашыў пашукаць вінаватых і "абясшкодзіць". Выбар міліцыі ўпаў на мяне. Чаму? Абавязкова запытаюся пра гэта на судзе, калі ён адбудзецца".

Суд перанесены на няпэўны час. Цяпер міліцыянтам трэба зноў складаць пратакол пра адміністрацыйныя парушэнні.

Упершыню ў Кастрычніцкі РАУС Алену Сцяпанаву  выклікалі па тэлефоне 5 ліпеня. Ёй было прапанавана з'явіцца на гутарку ў бліжэйшыя дні – у суботу ці нядзелю. Але яна адмовілася, бо запрашэнне на гутарку ў выходны падалося ёй падазроным. А ў панядзелак яна пайшла ў Кастрычніцкі РАУС ужо разам з адвакатам.

Даваць тлумачэнні ў міліцыі журналістка адмовілася на падставе 27-га артыкула Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дазваляе не сведчыць супраць сябе. Усе аргументы яна падрыхтавала для суду, але працэс не адбыўся.



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства