Ашмяны: трэці суд па справе адабраных на мяжы рэчаў перанесены на 25 ліпеня
На 16 ліпеня ў судзе Ашмянскага раёну быў прызначаны працяг разгляду іску грамадскага актывіста з Астравеччыны Мікалая Уласевіча да Ашмянскай рэгіянальнай мытні на прадмет вяртання асабістых рэчаў. Гэтыя рэчы былі забраныя ў Уласевіча на памежным пераходзе Катлоўка яшчэ 10 красавіка 2011 году. Частка з іх, па выніках экспертызы, якую правяло УКДБ Гарадзенскай вобласці і ідэалагічнае упраўленне Гарадзенскага аблвыканкаму, была знішчана. Сярод знішчанага -- два наборы навучальных плакатаў “Чарнобыльскія ўрокі”, выдадзеныя ў Маскве, і амаль два дзсяткі стыкераў “Фукусіма” і “Народжаныя ня поўзаць”, а таксама брашура з альтэрнатыўным дакладам беларускіх НДА пра стан рэчаў з абаронай правоў чалавека за 2010 год.
Трэба адзначыць, што гэта ўжо трэці раўнд судовай спрэчкі Мікалая Уласевіча з Ашмянскай мытняй. Першы прайшоў яшчэ ў 2011 годзе. Ён скончыўся тым, што суд Ашмянскага раёну ў асобе суддзі Давыдава надзвычай паспешліва разглядзеў справу і прыняў пастанову адмовіць Уласевічу ў задавальненні скаргі, паколькі, паводле меркавання суду, ісцец без уважлівай прычыны прапусціў месяцовы працэсуальны тэрмін для падавання скаргі. Пры тым суд ігнараваў факты таго, што Уласевіч рабіў некалькі спробаў развязаць узніклую спрэчку з мытняй у пазасудовым парадку.
Другі раўнд судовага разбіральніцтва скончыўся на карысць Уласевіча. На гэты раз Ашмянскі суд адмовіў ужо ў іску мытні да Уласевіча на прадмет таго, каб прызнаць рэчы нічыімі ў выніку таго, што ў судзе было вызначана, што мае месца спрэчка аб праве ўласнасці на забраныя рэчы, частку з якіх мытня вяртаць адмовілася.
Зараз у судзе Ашмянскага раёну адбудзецца чарговае паседжанне. На гэты раз паводле іску Уласевіча пра вяртанне з чужога незаконнага валодання яго асабістых рэчаў, частка з якіх ужо знішчана ў Астравецкім раённым аддзяленні УКДБ. Характэрнай асаблівасцю гэтага разбіральніцтва ёсць тое, што суд вмушаны выклікаць на разгляд справы адказчыкаў -- прадстаўнікоў УКДБ Гарадзенскай вобласці і ўпраўлення па ідэалагічнай працы Гарадзенскага аблвыканкаму. Менавіта яны праводзілі экспертызу і пастанавілі знішчыць асабістыя рэчы Мікалая Уласевіча.
15 ліпеня стала вядома, што судовы працэс па справе Уласевіча перанесены на 25 ліпеня ў сувязі з агульным сходам суддзяў з Гродзенскай вобласці ў абласным цэнтры, прызначаным на 16 ліпеня.