Баранавічы: на арганізатара Мілавідскага фэсту склалі трэці (!!!) адміністрацыйны пратакол
На арганізатара Мілавідскага фэсту ў гонар паўстанцаў 1863 года Віктара Сырыцу ст. лейтэнант Баранавіцкага РАУС Дзяніс Майсеня 17 ліпеня склаў трэці (!!!) адміністрацыйны пратакол. Грамадскі актывіст абвінавачваецца ў падрыхтоўцы і правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства.
Раней мы паведамлялі, што старшыня суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Мікалай Кміта двойчы адпраўляў пратаколы, складзеныя на В. Сырыцу, назад у міліцыю для выпраўлення недахопаў.
– Гэта ўжо трэці пратакол, які сёння склалі на мяне ў Баранавіцкім РАУС. Спачатку мяне абвінавацілі ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч. 2 арт. 23.34 КаАП РБ – арганізацыя і правядзенне 2 чэрвеня несанкцыянаванага мерапрыемства. У другім пратаколе я абвінавачваўся яшчэ і ў тым, што парушыў арт. 12 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”, быццам бы я не спыніў падрыхтоўку і правёў масавае мерапрыемства 2 чэрвеня, якое было забаронена Баранавіцкім райвыканкамам, – паведаміў Віктар Сырыца.
У трэцім пратаколе ўжо не сцвярджаецца, што актывіст парушыў арт. 12 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”, але ён абвінавачваецца ўжо ў парушэнні арт. 5 гэтага ж Закона – арганізацыя і правядзенне забароненага грамадска-масавага мерапрыемства.
– Мала таго што самі нічога не зрабілі, так яшчэ 3 і 20 мая райвыканкам двойчы незаконна забараніў правядзенне нашага фэсту ў гонар касінераў Кастуся Каліноўскага. Лічу, што не мы парушылі закон, а Баранавіцкі райвыканкам не выконвае арт. 51 Канстытуцыі Беларусі і не дае нам гарантаванага дзяржавай права на ўдзел у культурным жыцці, – паведаміў Віктар Сырыца.
Віктар Сырыца падпісаў трэці пратакол, але пазначыў, што прыехаў у Мілавіды 2 чэрвеня не праводзіць, а толькі ўдзельнічаць у афіцыйным мерапрыемстве.