ГА «БАЖ»: Пакуль у Беларусі прыцягваюць да крымінальнай адказнасці за погляды, ніхто не можа пачуваць сябе вольным!
На пасяджэнні 23 ліпеня Праўленне ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прыняло заяву з нагоды спынення крымінальнага пераследу шэрагу сябраў арганізацыі.
ЗАЯВА
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з нагоды спынення крымінальнага пераследу сяброў арганізацыі
Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” віншуе сваіх сяброў – Ірыну Халіп, Сяргея Вазняка і Аляксандра Фядуту -- са спыненнем крымінальнага пераследу.
Разам з тым, мы занепакоеныя лёсам нашых калег Алеся Бяляцкага, Паўла Севярынца, якія зараз адбываюць крымінальнае пакаранне, і Андрэя Пачобута, у адносінах да каторага дзейнічае адтэрміноўка прысуду.
Па-ранейшаму патрабуем спыніць крымінальны пераслед у адносінах да іншых нашых калег, а таксама далучаемся да заклікаў вызваліць усіх грамадзян Беларусі, прызнаных палітвязнямі.
Пакуль у Беларусі людзі прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за свае погляды і меркаванні, ніхто з грамадзянаў краіны не можа пачуваць сябе вольным.
Прынята на пасяджэнні Праўлення ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 23 ліпеня 2013 года.