Да Мікалая Аўтуховіча даходзяць не ўсе лісты з волі
Да палітвязня Мікалая Аўтуховіча ў Гродненскую турму № 1 даходзяць не ўсе лісты з волі. Пра гэта ён напісаў у сваім лісце да бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча, які той атрымаў 24 ліпеня.
Палітвязень піша, што, калі раней ён атрымліваў у месяц у сярэднім 90-95 лістоў, то ў чэрвені да яго дайшло толькі 40, хоць ён ведае, што пэўныя людзі лісты яму дасылалі.
Па словах Мікалая Аўтуховіча, “Так адбываецца іншы раз. Мне вядома, у чым справа, але не буду аб гэтым пісаць. Спадзяюся, наперадзе ўсё ізноў будзе добра”.
На думку Барыса Вырвіча, праблемы ў дастаўцы лістоў да палітвязняў можа быць нейкім чынам звязана з праводзімай акцыяй салідарнасці “Тыдзень палітвязня”.
“Я рэгулярна перапісваюсь з некаторымі беларускімі палітвязнямі, таму ведаю, што даволі часта лісты да іх папросту не даходзяць, - кажа Барыс Вырвіч. – Звычайна такія выпадкі здараюцца, калі праводзяцца нейкія кампаніі салідарнасці, і вязням пачынаюць дасылаць шмат паштовак і лістоў са словамі падтрымкі. Вось як раз з сярэдзіны чэрвеня і пачала праходзіць кампанія салідарнасці “Тыдзень палітвязня”.
Магчыма, ёсць і нейкая іншая прычына, пра якую ўзгадвае Мікалай Аўтуховіч. Ведаю дакладна толькі, што ў чэрвені я асабіста дасылаў Мікалаю Аўтуховічу прыватны ліст, які ён не атрымаў”.