viasna on patreon

Бунт у Зялёным Лузе: касцьмі ляжам, але будоўлі тут не будзе

2013 2013-07-24T15:04:43+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vul.cikockaga-zabudova.jpg

Новай «гарачай кропкай» на карце горадабудаўнічых канфліктаў Менска становіцца вуліца Цікоцкага ў Зялёным Лузе.

Людзі сталі гарой за лесапаласу, дзе на месцы закінутага туалета кампанія «Гаісервіс» збіраецца пабудаваць «Клуб аматараў бегу», піша onliner.by. На думку мясцовых жыхароў, клуб - толькі шырма, за якой хаваецца казіно або бізнес-цэнтр. Акрамя таго, пад пагрозай высечкі апынуліся паўсотні дрэў - частка зялёнага «экрана» паміж МКАД і жылымі дамамі. У ход ідуць партызанскія метады барацьбы: некалькі разоў пратэстоўцы зрывалі сетку з будаўнічага плота. А ўчора каля 300 чалавек выйшлі на вуліцу, каб адкрыта заявіць: будоўлі не дапусцяць.

Увечары пасля працы людзі сталі сцягвацца на месца, дзе ўжо выстаўленая агароджа. Затым з'явіліся прадстаўнікі забудоўшчыка - малады чалавек і дзяўчына. Мясцовыя жыхары адразу ж абступілі іх з усіх бакоў.

- Што будаваць сабраліся? Бардэль? Казіно? Ці публічны дом?

- Клуб аматараў бегу. Гэта спартыўны аб'ект, будаўніцтва якога дапушчальнае ў зялёнай зоне, - стараўся трымацца спакойна прадстаўнік кампаніі забудоўшчыка Сяргей Канаш.

- Ведаем мы вашыя схемы - будуеце клуб аматараў выпальвання па дрэве, затым - хоп, азірнуцца не паспееш - казіно, - у натоўпе нарастала абурэнне.

Па словах забудоўшчыка, у кампаніі ёсць усе дакументы, якія дазваляюць пачынаць падрыхтоўку пляцоўкі і будаўніцтва. Людзі патрабавалі паказаць дазволы.

- Мы не абавязаныя трымаць на будоўлі ўсю дакументацыю, - прагучаў адказ. - Але на ўчарашнюю сустрэчу прыносілі цэлую тэчку.

Першая сустрэча жыхароў Зялёнага Луга з забудоўшчыкам адбылася ў панядзелак 22 ліпеня. Як нам распавялі, тэчка ў бізнесмена сапраўды была, але дэманстраваць яе змесціва ён адмовіўся. Намеснік «Гаісервіс» Юрый Карпіловіч прапаноўваў пратэстоўцам стварыць камітэт, каб зносіны і знаёмства з дакументамі праходзіла без балагана.

- Можа, з дакументамі ў вас усё ў парадку, але вы забыліся пра галоўнае - не спыталі нас, - з дакорам заўважыла жанчына. - А гэта парушэнне закона.

Жыхары вуліцы Цікоцкага сцвярджаюць, што грамадскага абмеркавання як такога не было. На самой справе фармальна яно ўсё ж праводзілася - у канцы снежня 2012-га - пачатку студзеня 2013 года. Аднак анансавала яго невялікай аб'явай толькі адна газета «Звязда». Нават на сайце адміністрацыі Першамайскага раёна аб праекце не было ні радка. Ніхто з жыхароў вуліцы не ўзгадае, каб на пад'ездах віселі аб'явы. Пра «Клуб аматараў бегу» Зялёны Луг даведаўся толькі два тыдні таму, калі побач з закінутымі туалетамі з'явіўся будаўнічы вагончык.

Як высвятляецца, інвестыцыная дамова паміж Менгарвыканкамам і «Гаісервіс» была заключаная яшчэ ў 2011 годзе, тады ж распрацоўваўся праект клуба. Чаму ў такім выпадку грамадскае абмеркаванне праводзілася не адразу? Пра меркаванне людзей чыноўнікі забыліся і спахапіліся толькі праз год? Пытанне гэта ўчора адрасаваць не было каму.

- Чаму на сустрэчу не з'явіўся ніхто з Менгарвыканкама, дзе Кудрэвіч (кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна) і яго намеснікі? Ім абыякавыя нашы праблемы? – абурыўся нехта. - Дык заўтра мы самі да іх пойдзем і станем пад вокнамі. Такім жа складам.

- Гэта ваша зямля? Па якім праве тут гаспадарыце? - дапытваліся людзі.

- У дадзены момант зямля ў нас у арэндзе, - рушыў услед адказ з «Гаісервіс».

У натоўпе нехта пусціў слых, што забудоўшчык - расейскі бізнесмен.

- Ты не беларус! Ты расеец, прэч адсюль! - ужо не кантралявалі эмоцыі пратэстоўцы. - Расейцы тут не стануць ніколі!

У нейкі момант здалося, што над прадстаўніком забудоўшчыка навісла рэальная пагроза. Малады чалавек адышоў у бок і папрасіў калегу, што стаяла непадалёк, выклікаць міліцыю. Як ні дзіўна, пры ўсёй увазе праваахоўных органаў да масавых мерапрыемстваў, на ўчорашнім шматлюдным сходзе ў Зялёным Лузе не было ніводнага міліцыянта. З'явіліся яны, дарэчы, толькі пад канец сустрэчы, калі людзі пачалі разыходзіцца.

У далейшым Сяргей Канаш адказваў на пытанні ў асноўным аднаскладовымі фразамі або проста маўчаў, не жадаючы правакаваць людзей на новыя выпады.

- Збірайце манаткі. І не губляйце дарма грошы, - усе яшчэ гарачыліся людзі. - А сетку рабіцу сваю зніміце і прадайце.

 

- Не дамо! За рукі ўсе возьмемся і будзем стаяць, касцьмі ляжам, але будоўлі не будзе, - папярэдзіла пенсіянерка.

- Вельмі непрыемна чытаць на форуме, як на жыхароў Зялёнага Луга вешаюць ярлыкі: раён алкаголікаў, сабакароў і да таго падобнае, - звярнулася да нас дзяўчына з дзіцем на руках. - Пішуць, што бунтуюць толькі пенсіянеры, якія выжылі з розуму. Гэта хлусня. У раёне жыве шмат інтэлігенцыі. Моладзь і людзі сярэдняга ўзросту таксама супраць гэтага клуба. Бо будаваць жадаюць не на пустцы - адбіраюць зялёную зону, дзе мы гуляем з дзецьмі.

Прадстаўнікі забудоўшчыка тым часам адышлі ў бок, а людзі скандавалі: «Будоўлі не!» і «Захаваем наш лес!».

Паўтарагадзінная сустрэча скончылася нічым. Кожны бок застаўся пры сваім меркаванні. Жыхары Зялёнага Луга прыгадалі, што Лукашэнка распарадзіўся саджаць за краты нядбайных забудоўшчыкаў, і паабяцалі звярнуцца да кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Андрэя Кабякова.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства