Маленькая перамога Мікалая Уласевіча ў судзе
25 ліпеня 2013 у Ашмянскім раённым судзе быў працягнуты разгляд пазову актывіста з Астравеччыны Мікалая Уласевіча да Ашмянскай рэгіянальнай мытні на прадмет вяртання з чужога незаконнага валодання асабістых рэчаў. Гэтыя рэчы былі забраныя ва Уласевіча на памежным пераходзе Катлоўка яшчэ 10 красавіка 2011 года. Частка з іх па выніках экспертызы, якую правяло УКДБ Гарадзенскай вобласці і ідэалагічнае упраўленне Гарадзенскага аблвыканкаму, была знішчана. Былі знішчаны два наборы навучальных плакатаў “Чарнобыльскія ўрокі”, выданыя ў Маскве і амаль два дзесяткі стыкераў “Фукусіма” і “Народжаныя ня поўзаць”, а таксама брашура з альтэрнатыўным дакладам беларускіх НДА пра стан рэчаў з абаронай правоў чалавека за 2010 год.
У выніку трэцяга раўнду разгляду суд абавязаў Ашмянскую мытню вярнуць Уласевічу ягоныя дыктафон і два дыскі DVD. Што найбольш істотна – суд пастанавіў выплаціць коштам казны Рэспублікі Беларусь як вяртанне стратаў Уласевіча кошт канфіскаваных і знішчаных рэчаў, а таксама судовыя выдаткі, якія былі ў актывіста. Аднак, паводле пастановы суда дзяржпошліна Уласевічу будзе вернутая толькі часткова. Тым не менш, Мікалай Уласевіч лічыць, што на гэты раз суд стаў на бок законнасці.