Адвакат Павел Сапелка прызнаны прадстаўніком Зінаіды Ганчар па справе зьнікненьня яе мужа Віктара Ганчара.
Сьледчы па важнейшых справах пракуратуры г. Мінска С. Кухаронак прызнаў прадстаўніком жонкі зьніклага палітыка Віктара Ганчара Зінаіды Ганчар адваката юрыдычнай кансультацыі №2 Савецкага раёну г. Мінска Паўла Сапелку. Такім чынам, адвакат зараз зможа на законных падставах прымаць удзел ва ўсіх сьледчых дзеяньнях па справе выкраданьня вядомага палітыка Віктара Ганчара, які зьнік амаль чатыры гады таму – 16 верасьня 1999 году.
Павел Сапелка ўжо прымаў удзел у якасьці абаронцы ў гучных справах – у крымінальнай справе па “зьнявазе гонару і годнасьці прэзідэнта” падчас прэзідэнцкіх выбараў пяцьмі шклоўскімі “зубрамі”, крымінальнай справе па “зьнявазе гонару і годнасьці прэзідэнта” Аксанай Новікавай, у справах аб ліквідацыі Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу і Гродненскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Ратуша”, абараняў рэдактара газеты “Навінкі” Паўла Канавальчыка па справе аб абразе прэзідэнта.