Адам Бяляцкі: Я ўдзячны ўсім, хто падтрымлівае нашу сям’ю
4-га жніўня – сумная гадавіна. Два гады таму быў арыштаваны стваральнік і кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. У студыі Беларускага Радыё Рацыя - ягоны сын Адам Бяляцкі.
РР: Людзі ва ўсім свеце, якія перажываюць за лёс Беларусі, якія займаюцца праваабаронай, салідарныя з Алесем Бяляцкім. А як вы, самыя блізкія, перажылі гэты моцны ўдар?
Адам Бяляцкі: Для мяне з мамай гэта было даволі нечакана. Мы вельмі моцна перажывалі. Зараз прайшоў час. І мы неяк прыстасаваліся да сітуацыі.
РР: Сітуацыя перад арыштам была няпростая. Афіцыйныя СМІ неаднойчы цкавалі і твайго бацьку асабіста, і Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Гэта была адна з нешматлікіх арганізацый у Беларусі, вельмі эфектыўных, якая займалася і, займаецца зараз, маніторынгам правапарушэнняў, выступае супраць смяротнага пакарання і непасрэднай дапамогай асуджаным і іх сем’ям. Вельмі ж гэтая дзейнасць муляла ўладам.
Адам Бяляцкі: Вядома, што “Вясна” была і ёсць вельмі ўплывовай арганізацыяй. І тое, што бацька яе стварыў, павінна было мець для яго пэўныя наступствы з боку ўладаў. Улады шукалі магчымасці, якім чынам можна было б спыніць гэтую дзейнасць.
РР: Твае бацькі зараз не маюць магчымасці часта сустракацца.
Адам Бяляцкі: Так. Увесь час ствараюцца нейкія перашкоды, то адмяняюцца спатканні, то забараняюць перадачы. Гэта вялікі ціск не толькі на маю маму, але і на бацьку. Бо перажыць расставанне з блізкімі яму было б нашмат лягчэй.
РР: Алеся Бяляцкага ізалююць не толькі ад блізкіх, але і ад вязняў. Але ўсе, хто лістуецца з тваім бацькам, гавораць, што ён не наракае на свой лёс, а наадварот – піша лісты, прасякнутыя аптымізмам і падтрымлівае тых, хто на волі.
Адам Бяляцкі: У яго такі характар. Ён заўсёды настроены пазітыўна, што б не здаралася! Тыя лісты, што да яго прыходзяць, яму таксама дадаюць энергіі. Тут двухбаковая сувязь адбываецца.
РР: Адам, ты выхоўваўся ў незвычайнай сям’і. Твой бацька даўно звязаў жыццё з праваабарончай дзейнасцю. Ты, мабыць, з дзяцінства прывык да таго, што бацьку затрымоўвалі і арыштоўвалі за ягоную дзейнасць?
Адам Бяляцкі: Для бяспекі ў дзяцінстве на мітынгі мяне вадзіла мама, бо тату звычайна затрымоўвалі. Часта яго каралі суткамі. Улады даўно ім “цікавяцца”.
РР: Ты выхоўваўся ў беларускамоўнай сям’і. Ці не адчуваў ты сябе “белай варонай” у рускамоўным Менску?
Адам Бяляцкі: Мне ў Менску было вельмі камфортна. Мае сябры даволі хутка прывыклі, што я размаўляю па-беларуску.
РР: Алесь Бяляцкі асуджаны на 4, 5 гады зняволення. Будзем спадзявацца, што пабачым яго на волі ранней.
Адам Бяляцкі: Безумоўна, будзем спадзявацца на хутчэйшае вызваленне. Але само сабой нічога не адбываецца. Для гэтага трэба рабіць захады. Усіх заклікаю, каб па магчымасці падтрымлівалі майго бацьку, пісалі яму лісты. І хачу шчыра падзякаваць усіх, хто яму дапамагае і падтрымлівае нашу сям’ю.