Паўла Вінаградава адпусцілі, узяўшы тлумачэнні наконт бел-чырвона-белага сцяга на цягніку
Транспартная міліцыя ўзяла тлумачэнне з актывіста Паўла Вінаградава за размяшчэнне нацыянальнага сцяга на электрычцы. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
У Мінскі аддзел унутраных спраў на транспарце актывіст Zмены прышоў, узяўшы вялікую сумку з неабходнымі рэчамі, таму што нярэдка такія гутаркі сканчваліся для яго артыкулам 17.1 КоАП - нібыта хлопец пачынаў лаяцца матам, і гэта абавязкова бачылі два міліцыянты.
Аднак гэтым разам затрымання не адбылося. Вось што паведаміў сам Вінаградаў: "З мяне ўзялі тлумачэнні з нагоды "размяшчэння на цягніку бел-чырвона-белага сцяга" на станцыі і адпусцілі дадому. Адзінае што, я хутка магу быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за нематываваную адмову ад дачы паказанняў сведак, бо адмовіўся тлумачыць які менавіта сябар даслаў мне тыя самыя фатаграфіі, якія я ў сябе размясціў".