viasna on patreon

Гомельскім левым забаранілі праводзіць пікет... з-за рэпетыцый ансамбляў

2013 2013-08-02T15:03:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/spraviadlivy_svet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адмовы на правядзенне масавых мерапрыемстваў у Гомелі робяцца ўсё больш абсурднымі (калі абсурд можна нечым вымераць). Так, прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» планавалі 6 жніўня правесці пікет з мэтай прапаганды і данясення да насельніцтва ідэй партыі на адзінай дазволенай у горадзе пляцоўцы каля ДК таварыства глухіх «Віпра». Маючы сталы досвед у падачы заявак на пікет, старшыня абласной арганізацыі партыі Уладзімір Сякерка загадзя заключыў платныя дамовы са спецыяльнымі службамі, прынамсі, з камунальнікамі і хуткай медыцынскай дапамогай. Бо менавіта на адсутнасць такіх дамоў звычайна спасылаецца гарвыканкам пры забароне правядзення масавых мерапрыемстваў.

Але намеснік старшыні гарвыканкаму Аксана Рудзянок дала гомельскім левым адказ, што «згодна працоўнаму плану па арганізацыі фестывалю «Сожскі карагод», на пляцоўцы каля ДК «Віпра» 6 жніўня будзе рэпетыцыя творчых калектываў, таму ўзгадніць правядзенне пікету не прадстаўляецца магчымым». Варта заўважыць, што фестываль «Сожскі карагод» плануецца правесці ў Гомелі 14-15 верасня, але ўжо за месяц на пляцоўцы ў спальным раёне будуць весціся рэпетыцыі.

«Гэты адказ нават не аформлены як рашэнне гарвыканкаму, як таго патрабуе заканадаўства. Напісана: не можам узгадніць. Звычайна мясцовыя ўлады вырашаюць – дазволіць ці забараніць, а не ўзгадняць. Дзяржава павінна гарантаваць рэалізацыю правоў грамадзян, а не ствараць перашкоды. Таму чыноўнікі маглі б прапанаваць перанесці пікет на іншы час ці ў іншае месца, ці тую ж самую міфічную рэпетыцыю. Але гэта зроблена не было», - пракаментаваў Уладзімір Сякерка.

Ён будзе такое «узгадненне» гарвыканкаму абскарджваць у судзе.

Дададзім, што ў Гомелі з 2004 году, ужо амаль 10 гадоў, улады не дазволілі правесці ніводнага пікету ці мітынгу.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства