Бабруйск: Пікет салідарнасці з палітвязнямі не дазволены (дакумент)
Бабруйскія заяўнікі пікета салідарнасці з Алесем Бяляцкім і ўсімі палітвязнямі атрымалі афіцыйны адказ, што правядзенне мерапрыемства не дазволена. У лісце за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Віктара Дзесятніка ўказана некалькі прычын для адмовы.
Чыноўнік напісаў, што бабруйчане няправільна аформілі заяву, не пазначылі від масавага мерапрыемства. “У асноўных паняццях, якія ўжываюцца ў артыкуле 2 Закона адсутнічае паняцце “пікет”, што не дазваляе дакладна вызначыць від масавага мерапрыемства, заяўленага Вамі”, - гаварыцца ў лісце.
Таксама Дзесятнік адзначыў, што заяўнікі мусілі ўказаць меры, якія будуць імі прынятыя для забеспячэння бяспекі, медыцынскага абслугоўвання і прыборцы тэрыторыі, і ўзгадніць “парадак аплаты гэтых паслуг”.
У лісце гаварыцца, што да атрымання дазволу на правядзенне пікета нельга распаўюджваць інфармацыю аб ім. “А на інтэрнэт-сайтах “Бабруйскага кур’ера” была размешчана інфармацыя аб правядзенні вышэйназванага масавага мерапрыемства”. Напрыканцы ліста заяўнікаў традыцыйна папярэджваюць аб адказнасці, якую яны панясуць у выпадку ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.