Бяроза адзначыла дзень Салідарнасці з Алесем Бяляцкім і ўсімі палітвязнямі (фота)
На вялікім рынку горада былі раздадзены грамадзянам паштоўкі з выявай старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага за кратамі. У паштоўцы таксама ўтрымлівалася інфармацыя пра тое, што 2 гады таму вядомы ва ўсім свеце віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавенка, пісьменнік, літаратурны крытык, журналіст, тройчы намінант Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі быў арыштаваны і да гэтага часу знаходзіцца ў турме.
Удзельнікі акцыі былі вельмі ўсцешаныя тым, што ад паштовак мала хто адмаўляўся. Некаторыя казалі, “ведаем пра гэта, ведаем”. Праваабаронцы, што раздавалі паштоўкі, напомнілі людзям і пра іншых палітвязняў, якія знаходзяцца ў месцах зняволення за свае погляды.
Акцыя прайшла без інцыдэнтаў.
Варта адзначыць, што толькі 3 жніўня ў другой палове дня праваабаронцы і грамадскія актывісты атрымалі з райвыканкаму адмову на правядзенне 4 жніўня пікета ў падтрымку Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў. Хаця па дазвол на пікет заяўка была накіравана яшчэ 19 ліпеня, і ў гэты ж дзень заяўнікі звярнуліся за дамовамі на абслугоўванне пікету. Супрацоўнікі міліцыі гатовы былі падпісаць дамову, але ў райвыканкаме ім сказалі, што дамова, магчыма, не спатрэбіцца, паколькі дазвол можа быць дадзены без дамовы, улічваючы, што ў пікеце будуць удзельнічаць 10 чалавек. Жыллёва-камунальная гаспадарка склала дамову. Міліцыя была згодна «паставіць подпіс» пасля рашэння райвыканкама. На зварот праваабаронцаў па медабслугоўванні мерапрыемства галоўная лекарка Бярозаўскай раённай бальніцы пісьмова адказала, што ў пераліку платных паслуг бальніцы - такая не пазначана. Таму яны не могуць заключыць такую дамову.
Паколькі райвыканкам павінен быў даць адказ на заяву за 5 дзён да пікету, але парушыў гэты закон, праваабаронцы і актывісты будуць абскарджваць гэта ў аблвыканкаме і судзе.