viasna on patreon

Гомель: замест пікету - рэпетыцыя танцаў

2013 2013-08-06T20:27:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/tancy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 жніўня актывісты партыі левых «Справядлівы свет» планавалі правесці ў Гомелі пікет з мэтай данясення да жыхароў абласнога цэнтру ідэй партыі, распаўсюджвання друкаванай прадукцыі. Але гарвыканкам не дазволіў масавае мерапрыемства на той падставе, што 6 жніўня на заяўленай пляцоўцы каля ДК таварыства глухіх «Віпра» пройдзе рэпетыцыя фестывалю «Сожскі карагод». Фестываль плануецца на 14-15 верасня.

У час, пазначаны ў заяўцы «левых» як час пачатку пікету (16.00), на пляцоўцы каля ДК «Віпра» сапраўды пад палаючым сонцам скакалі каля дзесятка танцораў. Але праз 15 хвілін танцоры перамясціліся ў іншае месца, каб працягнуць сваю рэпетыцыю.

«Гэта звычайная падстава, якая дае адказ на ліст, дасланы нам з гарвыканкаму наконт забароны пікету. Ужо праз пятнаццаць хвілін на пляцоўцы танцораў не было, значыць, гэта штучныя перашкоды, каб людзям забараняць выказваць свае думкі. Як бачым, улада ідзе нават на такія бяздумныя крокі. Можна было гарвыканкаму змяніць дату ці места правядзення мерапрыемства, да 16.00 тут нічога і нікога не было, як і пасля 18.00 нікога і нічога не будзе», - пракаментаваў старшыня абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка.

Ён будзе абскарджваць у судзе адмову гарвыканкама на правядзенне пікету. «І будзем падаваць новыя заяўкі, і не на адзін дзень, а на тры, на тыдзень, паглядзім, што яны новага выдумаюць», - дадаў рэгіянальны лідэр.

Ён з актывістамі ўсё-такі распаўсюдзілі сёння сярод жыхароў Гомеля каля 750 асобнікаў друкаванай прадукцыі партыі – заявы «ў сувязі з пагрозай ліквідацыі асноў улады народу», і «ў сувязі з чарговымі рашэннямі ўлады, накіраванымі на пагаршэнне сацыяльна-эканамічнага становішча грамадзян».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства