viasna on patreon

Баранавічы: па справе Мілавідскага фэсту просяць разабрацца пракуратуру

2013 2013-08-07T11:22:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/syryca-viktar-sud-milavidy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Баранавіцкія праваабаронцы і грамадскія актывісты, абураныя неаб’ектыўным і спешным рашэннем суддзі Кацярыны Груда, 6 жніўня накіравалі калектыўную скаргу ў пракуратуру па адміністрацыйнай справе Віктара Сырыцы.

Раней мы паведамлялі, што грамадскі актывіст быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы і правядзенні несанкцыянаванага мітынгу ля Мілавідскіх помнікаў 2 чэрвеня і асуджаны да штрафу ў памеры 2 млн. рублёў.

У супольным звароце грамадзян у пракуратуру, які падпісала 10 чалавек, паведамляецца, суд двойчы адпраўляў пратакол на Віктара Сырыцу, з якім ён катэгарычна не пагаджаўся, назад у міліцыю. А па трэцяму адміністрацыйнаму пратаколу прызначаная старшынёй суда новая суддзя Кацярына Груда вырашыла спешна, не разабраўшыся ў сутнасці справы, асудзіць В.Сырыцу.

Ініцыятары ліста ў пракуратуру пішуць, што яны былі самі ўдзельнікамі паездкі 2 чэрвеня да Мілавідскіх помнікаў па запрашэнні дзяржаўнай газеты “Наш край” і сведкамі таго, што ніякага афіцыйнага мерапрыемства, анансаванага газетай, не было ў вызначаны час (2 чэрвеня, 12.30). Аб гэтым яны склалі АКТ ад 02.06.2013 гада, які суд зусім не ўлічыў. Далей у скарзе паведамляецца, што ў Мілавідах прысутнічалі маёр міліцыі Віталь Куляшоў і прадстаўнік райвыканкама Дз. Варвашэня, якія ведалі, што афіцыйнае мерапрыемства адменена, але нікога з прысутных яны не папярэдзілі аб гэтым. Таму скаржнікі паведамляюць пракурору, што яны панеслі не толькі матэрыяльныя страты, але адчувалі сябе ў Мілавідах падманутымі і зняважанымі.

У скарзе таксама адзначаецца, што суддзя Кацярына Груда зрабіла выгляд, што не зразумела словы маёра міліцыі Куляшова, які сам прызнаў, адказваючы на пытанні адваката, што несанкцыянаванага мітынгу 2 чэрвеня ля Мілавідскіх помнікаў не было. Ён таксама падцвердзіў у судзе, што у Мілавідах не было і парушэнняў грамадскага парадку, а таксама антыдзяржаўных заклікаў.

Далей аўтары калектыўнага звароту даводзяць пракурору, што толькі тады, калі стала зразумелым, што афіцыйнага мерапрыемства не будзе, Віктар Сырыца паведаміў прысутным, каб яны падыйшлі да помнікаў і ўскласлі кветкі, сфатаграфаваліся, селі ў аўтобус і ехалі ў вёску Русіны на сядзібу ТБМ, каб там адзначыць 150-я ўгодкі Мілавідскай бітвы.

Таму скаржнікі просяць міжраённага пракурора правесці праверку матэрыялаў суда і вынесці пратэст на спешнае, фактычна сфальсіфікаванае, неаб’ектыўнае рашэнне, якое не абапіраецца на матэрыялы справы.

Такую ж скаргу ў пракуратуру напісаў і сам Віктар Сырыца, у якой ён просіць пракурора прыцягнуць да адказнасці тых дзяржаўных чыноўнікаў, якія арганізавалі загаддзя спланаваную правакацыю супраць яго, калі ён арганізаваў прыезд аматараў гісторыі і культуры на свята ў Мілавіды па запрашэнні дзяржаўнай газеты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства