Таццяна Рэвяка і Уладзь Лабковіч падалі скаргі ў Мінгарсуд
Праваабаронцы абскарджваюць рашэнне суда Савецкага раёна, паводле якога іх прызналі вінаватымі ў парушэнні арт.23.34 КаАПП і пакаралі штрафам у памеры 3 млн. рублёў кожнага.
5-га жніўня вясноўцы ў знак салідарнасці са зняволеным старшынём ПЦ "Вясна" Алесем Бяляцкім раздавалі мінакам Мінска паштоўкі з выявай праваабаронцы. Ахоўнікі ЦУМ звярнуліся ў міліцыю, пасля чаго Таццяна Рэвяка і Уладзь Лабковіч былі затрыманыя. Яны былі дастаўленыя ў суд Савецкага раёна, але адпушчаныя ў той жа дзень, паколькі пратаколы былі складзеныя з памылкамі.
Працяг працэсу адбыўся на наступны дзень. Рашэннем суда праваабароцы прызнаныя вінаватымі ў парушэнні арт. 23.34 КаАПП і пакараныя штрафам у памеры 3 млн. рублёў кожнага.
Таццяна Рэвяка і Уладзь Лаковіч сваёй віны не прызналі. У судзе яны даводзілі, што дзейсны Закон "Аб масавых мерапрыемствах" супярэчыць арт. 33, 34, 35 Канстытуцыі РБ. Больш за тое, дадзены закон абмяжоўвае правы, прапісаныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт.19). Гэтыя ж довады былі выкладзеныя ў скаргах, накіраваных у Мінскі гарадскі суд з просьбай адмяніць пастанову суда Савецкага раёна і спыніць вытворчасць па адміністратыўнай справе.