У Магілёве забаронены мітынг супраць расійскай авіябазы
Сёння, 12 жніўня, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў атрымаў адказ з Магілёўскага гарвыканкаму. У ім чыноўнікі адмаўляюць у правядзенні мітынга і шэсця.
“Гэта нейкі абсурд. Гэтым разам мы патрабавалі масавае мерапрыемства ў дазволеным для такіх мерапрыемстваў месцы, аднак улады забаранілі яго нават на ўскрайку горада. Відаць, тэма мітынга і шэсця для іх вельмі балючая, і яны не хочуць абвастраць узаемаадносіны з Расіяй”, - гаворыць Уладзімір Шанцаў.
Палітык адзначае, што саму адмову ў правядзенні масавага мерапрыемства ён мае намер абскардзіць праз суд.
“Будзем судзіцца і дабівацца дазволу на правядзенне нашага мерапрыемства. Недапушчальна, каб наша тэрыторыя была плацдармам для ваенных сілаў Расіі. Мы нейтральная краіна. Гэта прапісана ў нашай Канстытуцыі, і мы мусім жыць у адпаведнасці з ёй, а не паводле нечых жаданняў”, - кажа Уладзімір Шанцаў.
Нагадаем, што 24 ліпеня старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП падаў заяўку на правядзення мітынга і шэсця, якое, па задумцы Шанцава, мусіла адбыцца 18 жніўня на стадыёне “Хімік”, які размешчаны на ўскрайку горада. Шэсце мусіла адбыцца ўздоўж вуліцы Чалюскінцаў да ўзгаданага стадыёна.