viasna on patreon

У Калінкавічах працягваецца суд па справе актывіста АГП Дзяніса Рабянка

2013 2013-08-14T17:11:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kalinkavichy-rabianok-dzianis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяніс Рабянок

Дзяніс Рабянок

13 жніўня адбылося чарговае паседжанне па адміністрацыйнай справе, распачатай Калінкавіцкім РАУС супраць актывіста АГП Дзяніса Рабянка. Нагадаем, суд па адміністрацыйнай справе пачаўся яшчэ ў траўні 2013 году. Актывіста абвінавачваюць па артыкуле 9.1 КаАП (наўмыснае нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў). Пры гэтым сам малады чалавек стаў ахвярай нападу: яму ў вочы сусед распыліў газавы балончык, у выніку чаго Дзяніс Рабянок атрымаў апёк вачэй. Актывіст сцвярджае, што справа супраць яго непасрэдна звязана з яго актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю і лічыць, што такім чынам улады распраўляюцца з дэмакратычнымі актывістамі ў рэгіёнах.

Згодна з пастановай суда Калінкавіцкага раёна, актывіст быў прызнаны вінаватым і пакараны штрафам у памеры 10 базавых велічынь (1 мільён рублёў). Актывіст абскардзіў гэтае рашэнне ў абласным судзе, які адмяніў пастанову і накіраваў справу на новы разгляд у суд Калінкавіцкага раёна.

На першым паседжанні новага працэсу (7 жніўня) былі апытаныя тры сведкі, а таксама участковы міліцыянт Паўловіч, які склаў пратакол супраць Дзяніса Рабянка. 13 жніўня ў судзе быў апытаны  участковы міліцыянт Бандаровіч, які выязджаў па выкліку маці Дзяніса Рабянка і праводзіў першасныя прававыя дзеянні.

«Тое, што Калінкавіцкі суд больш, чым праз два месяцы нарэшце задаволіў маё хадайніцтва і выклікаў у суд міліцыянераў, канешне, добра. Але мяне абурае і бянтэжыць той факт, што суддзя Савасцянава, якая вядзе працэс, парушае фундаментальныя прынцыпы вядзення судовага працэсу. Пра якую бесстароннасць і аб’ектыўнасць суда можна весці гаворку, калі суддзя, напрыклад, не дае задаць пытанні ні міліцыянерам, ні сведку з боку абвінавачвання. Увесь час робіць каментарыі і заўвагі ў мой адрас. Пры гэтым пры апытанні сведак з боку абароны суддзя рабіла ўсё, каб іх заблытаць, злавіць на нейкіх супярэчнасцях, задавала наводзячыя пытанні. Мы падлічылі, што мне суддзя задала больш за 30 пытанняў! Супрацьлегламу боку – у разы менш», - пракаментаваў Дзяніс Рабянок.

Рашэнне 13 жніўня так і не было агучана, бо актывіст настойвае на выкліку ў суд для апытання фельчара хуткай дапамогі, доктара-афтальмолага, які аказваў яму дапамогу, і судова-медыцынскага эксперта.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства