viasna on patreon

Бабруйск: На Віктара Бузінаева доўга і грунтоўна складаюць пратакол

2013 2013-08-20T13:33:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/buzinaeu-viktar-babrujsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Бузінаеў

Віктар Бузінаеў

Раніцай 20 жніўня старшыню бабруйскай суполкі АГП Віктара Бузінаева выклікалі позвай ва упраўленне ўнутраных спраў. Маёр міліцыі Сяргей Рудзько паведаміў, што на актывіста будзе складацца пратакол аб адміністрацыйным парушэнні.

-Пасля таго, як 14 жніўня нас з Анатолем Лябедзькам затрымалі ля прахадной ААТ “Белшына” за распаўсюд газеты “Голас Розуму”, нас завезлі ў УУС і ўзялі тлумачэнні. У затрыманні тады якраз і ўдзельнічаў Рудзько, які бегаў вакол з дручком, як шараговы патрульны. У аддзяленні нас пратрымалі тры гадзіны і сказалі, каб прыйшлі 20 жніўня. Мы падумалі, што будзе суд. Але зараз я даведаўся, што маёр Рудзько толькі ўзяўся за складанне пратакола аб адміністрацыйным парушэнні. Для гэтага яму спатрэбіўся Статут АГП, які ён папрасіў прынесці ў наступны раз, - кажа Віктар Бузінаеў.

Пасля таго, як актывіст параіў Сяргею Рудзько зайсці на сайт АГП, дзе Статут знаходзіцца ў адкрытым доступе, міліцыянт заявіў, што яму патрэбны менавіта папяровы варыянт, з пячаткай.

-Маёр Рудзько зачытаў мне закон аб распаўсюдзе друкаваных матэрыялаў, потым доўга маўчаў, потым тэлефанаваў камусьці, некуды выходзіў. Мне давялося больш чакаць, чым размаўляць. Раптам ён паведаміў, што вымушаны прыпыніць сустрэчу і што выкліча мяне яшчэ раз, па тэлефоне. Пры гэтым ён амаль не выпускаў з рук свой улюбёны міліцэйскі дручок, - адзначае актывіст.

Ці будзе прызначаны суд, Віктару Бузінаеву пакуль не паведамілі. Анатоль Лябедзька адмовіўся прыязжаць на сённяшнюю сустрэчу з маёрам Рудзько і заявіў, што бабруйскія міліцыянты падчас затрымання дзейнічалі “брутальна” і з парушэннямі працэдур.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства