viasna on patreon

Магілёўскі абласны суд пакінуў Алега Аксёнава на ўліку КДБ

2013 2013-08-26T21:38:21+0300 2013-08-27T11:45:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 26 жніўня, магілёўскі абласны суд разгледзеў скаргу актывіста аргкамітэта партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Алега Аксёнава. Актывіст намагаўся праз суд абскардзіць прафілактычную размову, якую праводзілі з ім супрацоўнікі КДБ, сваю пастаноўку на прафілактычны ўлік у дадзенай установе, а таксама антыканстытуцыйнасць артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса “Аб дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Суд адмовіў па ўсіх пунктах. Паводле судовага рашэння – правы актывіста не парушаюцца Магілёўскай управай КДБ.

З гэтым катэгарычна не згодзен сам Алег Аксёнаў.

“Мае правы парушаны, і я буду судзіцца з КДБ і надалей, пакуль яны не адчэпяцца ад мяне. Я ўваходжу ў склад аргкамітэта партыі БХД і працую над стварэннем партыі. Мяне ж паставілі на прафілактычны ўлік у КДБ, бо я нібыта вяду дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Супрацоўнікі КДБ нават не бачаць розніцы паміж партыяй і аргкамітэтам па яе стварэнні. Тым больш, што пастаўлены я на ўлік у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, артыкулам 193.1 “Аб дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, які з’яўляецца па-просту антыканстытуцыйным”, - гаворыць Алег Аксёнаў.

Нагадаем, што 29 красавіка супрацоўнік КДБ Махуноў выклікаў па позве Алега Аксёнава для прафілактычнай размовы.  Падчас “размовы” Махуноў паведаміў, што актывісту вынесена афіцыйнае папярэджанне начальніка УКДБ за дзейнасць ад імя незарэгістраванай партыі – аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, а таксама за ўдзел у дзейнасці двух незарэгістраваных у вызначыным парадку арганізацый – грамадзянскай кампаніі “За справядлівыя выбары-2012” і Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сіл. 

У якасці доказаў супрацоўнік КДБ Махуноў прадаставіў раздрукоўкі з незалежных сайтаў, дзе ўзгадвалася імя і прозвішча актывіста.

На прафілактычным уліку КДБ Алег Аксёнаў знаходзіцца ўжо болей за год. У Магілёве на такім уліку стаяць таксама актывістка БХД Тацяна Шамбалава і лідар Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства