viasna on patreon

Паскардзілася ў Міністэрства адукацыі — страціла працу

2013 2013-08-27T12:03:47+0300 2013-08-27T12:03:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhana-szczarbinina.jpg
Жана Шчарбініна

Жана Шчарбініна

Настаўніца з Горацкага раёну Жана Шчарбініна, якая паскардзілася ў Міністэрства адукацыі на адміністрацыю Аўсянкаўскай сярэдняй школы, напісала заяву на звальненьне.

Прычынай для скаргі, як сцвярджае настаўніца, стала нежаданне кіраўніцтва школы рамантаваць ейны клас. Канфлікт у вясковай школе пасля публікацыяў у незалежных медыях стаў публічным. І хоць клас паспелі падрамантаваць, Жана Шчарбінінапрацу страціла.

26 жніўня ў Жаны Шчарбінінай скончыўся адпачынак. У школу яна прыйшла ўжо з заявай на звальненне. Яе падпісалі без пярэчанняў. Настаўніца лічыць, што за скаргу ў міністэрства і зварот да журналістаў ёй будуць помсціць:

«Я напісала па ўласным жаданні, бо хто б тут ні быў пры ўладзе, ці ў школе, ці ў аддзеле адукацыі, мне не дадуць спакойнага жыцця. Гэта сістэма», — лічыць Жана Шчарбініна.

Паводле суразмоўніцы, дырэктарка школы пасля падпісання заявы на звальненне ўпікнула яе: «Навошта вы ўсё гэта нарабілі?». Дык сапраўды — навошта?

«Звальняюся я ці не звальняюся, але дзеці павінны вучыцца ў нармальных умовах. Незалежна ад таго, які гэта настаўнік. Тое, што я звярнулася да журналістаў, — у мяне іншага выйсця не было. Калі я напісала ліст у міністэрства, я спадзявалася, што прыедзе нейкая камісія. Паглядзіць, ацэніць, і рамонт будзе зроблены. Але ж гэтага не было зроблена», — тлумачыць сваю пазыцыі Жана Шчарбініна.

У адміністрацыі школы каментаваць канфліктную сітуацыю адмаўляюцца. Абвінавачанні з боку Шчарбінінай называюць няпраўдай. Заяўляюць, што скаргай настаўніцы займаецца раённы аддзел адукацыі.

Зварот Жана Шчарбініна адправіла ў Міністэрства адукацыі электроннай поштай на пачатку жніўня. Даслала і фатаздымкі неадрамантаванага класа. Сёння, наведаўшыся ў школу, яна паведаміла, што клас крыху падрамантавалі. Там, дзе былі рваныя шпалеры, заклеілі новымі, пабялілі столь, пафарбавалі падлогу. У калідоры замянілі прагнілую аконную раму, што насупраць клясы, у самім класе замянілі бітыя шыбы.

У класе, з-за якога пачаўся канфлікт, Жана Шчарбініна вучыла дзяцей абслуговай працы, а таксама асновам бясьпекі жыццядзейнасці. У гэтым жа класе вучаць дзяцей і спевам. Рамонту тут, як сцьвярджае настаўніца, не было больш за пяць гадоў.

У Аўсянкаўскай школе Жана Шчарбініна адпрацавала амаль пятнаццаць гадоў. Ейныя вучні станавіліся пераможцамі на шматлікіх прадметных алімпіядах і конкурсах.

Жана Шчарбініна — дэпутатка сельскага савету. Сябра аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Яна сцвярджае, што адносіны з адміністрацыяй школы ў яе абвастрыліся, калі яна наважылася на дэпутацтва. Тады актывісты стваранай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» прыяжджалі ў вёску агітаваць за яе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства