Ігар Пастноў паведаміў пра пачатак прымусовага псіхіятрычнага лячэння
Суд Віцебскага раёну санкцыянаваў магчымасьць такога лячэння “на вырашэнне ўрачоў” толькі 21 жніўня. Рашэнне гэтага суду яшчэ не ўступіла ў законную сілу, аднак ў Віцебскім псіхіятрычным шпіталі, паводле словаў Ігара Пастнова, ужо пачалі яго выконваць.
Пра тое, што яму гвалтам пачалі рабіць ін’екцыі псіхатропных прэпаратаў, паведаміў сам Ігар Пастноў. Яму на адну хвіліну далі скарыстацца мабільным тэлефонам, гаворыць віцебскі незалежны журналіст Уладзімір Жыгулоў:
“Пастноў патэлефанаваў нечакана, сказаў, што ў яго – адна хвіліна. І сказаў, што яму пачалі прымусова рабіць уколы. Пасля фразы “Ганьба нашай псіхіятрыі”, ці нейкіх падобных словаў, тэлефонная сувязь абарвалася”.
Ігар Пастноў збіраўся абскардзіць судовае рашэнне наконт прымусовага псіхіятрычнага лекавання: наконт гэтага ўжо заключана дамова з адвакатам, які рыхтуе касацыйную скаргу. 10 дзён для яе падачы яшчэ не прайшлі.
Віцебскія грамадскія актывісты падрыхтавалі зварот да пракурора вобласці, дзе таксама просяць адмяніць рашэнне суддзі Віцебскага райсуду Тацяны Дзегцяровай. Яны склалі калектыўны ліст, дзе пішуць, што падчас суду былі парушаны канстытуцыйныя правы Ігара Пастнова: яго не прывезлі ў суд, каб ён могу нешта сказаць у сваю абарону, у яго не было магчымасці, каб дамовіцца з адвакатам, які бараніў бы ягоныя інтарэсы ў судзе. Такім чынам, былі парушаны і права на незалежны судовы разбор, і права на абарону ў судзе. А яшчэ – права на вольнае выказванне сваіх думак і меркаванняў, лічаць віцебскія актывісты.
Ігара Пастнова гвалтам забралі ў 2-е закрытае аддзяленне псіхіятрычнага шпіталя 16 жніўня, а якраз за некалькі дзён да таго ён змясціў у інтэрнэце свой чарговы зварот да землякоў. У ім ен ужо не першы раз крытыкуе працу асобных медустаноў вобласці і абласнога кіраўніцтва. А таксама паведаміў, што яму адкрыта пагражаюць прымусовым псіхіятрычным лячэннем".