viasna on patreon

Зміцера Дашкевіча выпусцілі на волю, але 11 палітвязняў застаюцца за кратамі

2013 2013-09-02T16:01:41+0300 2013-09-04T11:18:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fidh-viasna-new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларусь: Зміцера Дашкевіча выпусцілі на волю, аднак 11 палітвязняў працягваюць заставацца за кратамі

Парыж-Мінск, 30 жніўня 2013 года

FIDH і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі, Праваабарончы цэнтр "Вясна", 28 жніўня 2013 года былі шчаслівыя ўбачыць на волі Зміцера Дашкевіча - кіраўніка грамадзянскай і палітычнай арганізацыі «Малады фронт» . Яго выпусцілі на волю пасля адбыцця поўнага тэрміну пакарання па абвінавачванні ў «злосным хуліганстве» і «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі».

FIDH і ПЦ «Вясна» адзначаюць, што за апошнія месяцы вельмі складаная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі стала больш жорсткай і выхад на волю Дашкевіча ні ў якім разе нельга разглядаць як прыкмету яе паляпшэння. Нашы арганізацыі хацелі б прыцягнуць увагу да таго факту, што Дашкевіч не проста адбыў поўны тэрмін пакарання ў турме, але ні адно з вылучаных супраць яго абвінавачванняў не было знята . У цяперашні час ён знаходзіцца пад прафілактычным наглядам міліцыі, што дае ўладам права ў любы час наведваць яго. Акрамя таго, калі супраць яго тры разы ў бягучым годзе будуць вылучаныя абвінавачванні ў адміністрацыйным парушэнні, ён будзе змешчаны пад больш строгі нагляд і падвергнецца сур'ёзным абмежаванням.

«Міжнародная супольнасць не павінна памыляцца, выхад на волю Змітра Дашкевіча не адлюстроўвае ніякіх паляпшэнняў сітуацыі з правамі чалавека», - заявіў прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы. «Адзінаццаць палітвязняў, уключаючы прэзідэнта Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага пакутуюць за кратамі ў выключна жорсткіх умовах турмаў і калоній Беларусі. Рэжым працягвае пастаянна пераследваць праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў. У такім кантэксце той факт, што Савет Еўрапейскага саюза прыпыніў забарону на ўезд у ЕС для кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея не паддаецца ніякаму апраўданню», - дадаў ён.

«Хутчэй за ўсё, Дашкевіча чакае доля такіх актывістаў, як Уладзімір Яроменак і Васіль Парфянкоў, супраць якіх быў адноўлены крымінальны пераслед. Міліцэйскі нагляд часцяком выкарыстоўваюць як сродак кантролю дзейнасці палітычных актывістаў і праваабаронцаў пасля іх вызвалення з турмы», - дадаў намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

24 сакавіка 2011 года Зміцера Дашкевіча прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі за акты «злоснага хуліганства», якія ён нібыта здзяйсняў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года. Пасля затрымання і арышту яго шэсць разоў пераводзілі ў розныя следчыя ізалятары і калоніі. Акрамя таго, 28 жніўня 2012 года да яго тэрміну дадалі адзін год за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі».

FIDH і ПЦ "Вясна" заклікаюць улады Беларусі адмовіцца ад усіх пунктаў абвінавачвання супраць Дашкевіча і аднавіць яго ў грамадзянскіх і палітычных правах. Нашыя арганізацыі таксама заклікаюць улады Беларусі неадкладна і без якіх-небудзь умоваў вызваліць усіх палітвязняў.

«Мы заклікаем ЕС не ўпадаць у зман адносна рашэнняў Аляксандра Лукашэнкі, не падпадаць пад уплыў салодкіх песень рэжыму» - дадаў Карым Лахіджы.

Для атрымання дадатковай інфармацыі аб сітуацыі з палітвязнямі ў краіне можна азнаёміцца ​​з аналітычнай запіскай «Становішча палітычных зняволеных у Беларусі крытычнае, свабода 40 актывістаў сур'ёзна абмежаваная», апублікаванай сумесна FIDH і ПЦ "Вясна" 5 сакавіка 2013 года.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства