viasna on patreon

Amnesty International распачала тэрміновую акцыю ў падтрымку Ігара Пастнова

2013 2013-09-02T17:14:08+0300 2013-09-02T17:23:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/amnesty-international.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная праваабарончая арганізацыя распаўсюдзіла паведамленне, у якім заклікае дамагацца вызвалення віцебскага псіхіятра Ігара Пастнова, падвергнутага прымусоваму лячэнню за рэзкую крытыку мясцовай сістэмы аховы здароўя.

У паведамленні Amnesty International падаецца апісанне сітуацыі:

“Ігар Пастноў - псіхіятр з Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі - на працягу апошніх паўтары гадоў неаднаразова крытыкаваў на YouTube палітыку ўрада і гарадскую сістэму аховы здароўя. У сваіх выступах ён закранаў такія вострыя тэмы, як медыцынскія памылкі і нямэтавае расходаванне грашовых сродкаў. У чэрвені 2013 года Ігар Пастноў раскрытыкаваў дзеянні міліцыі па прымусовай шпіталізацыі бяздомных і бадзягаў у мэтах псіхіятрычнага агляду.

З-за крытычных выказванняў Ігара Пастнова паміж ім і кіраўніцтвам паўстаў сур'ёзны канфлікт. 16 жніўня псіхіятрычная камісія клінічнага цэнтра, у якім працаваў Пастноў, заключыла, што яму патрабуецца прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў сувязі з "псіхапатыяй з маніяй пераследу ўлады". У той дзень Ігар Пастноў патэлефанаваў журналісту, які працуе на "Радыё "Свабодная Еўропа", каб распавесці пра сваё затрыманне, але размову перапынілі . 21 жніўня Віцебскі раённы суд у рамках закрытага пасяджэння пастанавіў падвергнуць Ігара Пастнова прымусоваму лячэнню ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі. Пастанова суда абвяшчала, што Ігару Пастнову патрабуецца прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў сувязі з "хранічным трызнёвым разладам" , якi ўяўляе небяспеку для яго самога і навакольных. У судовай пастанове не раскрывалася, якую небяспеку ўяўляе Ігар Пастноў для грамадства, згадваліся толькі яго выступы ў сеціве. У Ігара Поастнова ёсць дзесяць дзён на тое, каб аспрэчыць рашэнне суда. Аднак яго пазбавілі сувязі са знешнім светам. Яму ўдалося сустрэцца з адвакатам 22 жніўня толькі дзякуючы ўмяшанню мясцовых праваабаронцаў”.

Далей Amnesty International нагадвае пра абавязак дзяржаваў абараняць свабоду выказвання меркаванняў і садзейнічаць актыўнаму абмеркаванню грамадскіх дзеячаў і дзяржаўных установаў. Выказваючы занепакоенасць тым, што Ігара Пастнова маглі затрымаць у адвольным парадку за законную крытыку сістэмы аховы здароўя Віцебскай вобласці, міжнародныя праваабаронцы заклікаюць накіроўваць звароты ў органы ўлады Беларусі, каб:

- нагадаць уладам аб тым, што прымусовае псіхіятрычнае лячэнне можа прымяняцца толькі ў дачыненні да асобаў з сур'ёзнымі псіхіятрычнымі захворваннямі, якія могуць прычыніць непасрэдную і непазбежную шкоду сабе і іншым;

- запатрабаваць прызначыць паўторны псіхіятрычны агляд Ігара Пастнова з тым, каб устанавіць, якую небяспеку той ўяўляе для сябе і навакольных;

- запатрабаваць прыняць усе неабходныя меры да таго, каб Ігару Пастнову забяспечылі дастатковую юрыдычную дапамогу і магчымасць сустрэцца з адвакатам з мэтай абскарджання рашэння суда.

У паведамленні Amnesty International сярод іншага адзначаецца, што ў Беларусі сістэматычна зневажаецца права на свабоду выказвання меркаванняў і крытыкаў уладаў нярэдка падвяргаюць пераследу.

Каб далучыцца да акцыі і атрымаць тэкст афіцыйнага звароту ў органы улады Беларусі, неабходна запоўніць адпаведную форму на сайце Amnesty International.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства