viasna on patreon

Сумесная заява Беларускага Хельсінкскага Камітэта і ПЦ «Вясна» з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Пастнова

2013 2013-09-04T18:20:00+0300 2013-09-04T11:20:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna-bhk-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінск, 2 верасня 2013 года

РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтр «Вясна» занепакоеныя прымусовай шпіталізацыяй Ігара Пастнова

21 жніўня 2013 г. суд Віцебскага раёна Віцебскай вобласці ў закрытым пасяджэнні задаволіў заяву Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі аб прымусовай шпіталізацыі і лячэнні Ігара Пастнова.

Аднак справа разглядалася ў яго адсутнасць. У рашэнні суда не ўтрымліваецца дастатковага абгрунтавання немагчымасці яго ўдзелу ў працэсе, прыведзена толькі фармальная падстава, прадугледжаная ч. 3 арт. 391 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, якая дае магчымасць разглядаць справы ў адсутнасці грамадзяніна, - стан яго здароўя.

У сувязі з гэтым неабходна адзначыць, што ўдзел грамадзяніна пры разглядзе судом справы аб абмежаванні яго правоў і свабод, калі ён можа прадстаўляць суду довады ў сваю абарону, з'яўляецца найважнейшай гарантыяй справядлівага судовага разбору. Асабліва гэта важна ў выпадках, калі судом разглядаецца пытанне аб абмежаванні свабоды грамадзяніна.

Нашу занепакоенасць выклікае той факт, што да Ігара Пастнова прымусовая шпіталізацыя і лячэнне ўжытыя пасля выказвання ім крытыкі стану медыцыны ў Віцебскай вобласці, указання на парушэнні заканадаўства кіраўнікамі медыцынскіх устаноў. Больш за тое, заява ў суд аб прымусовай шпіталізацыі пададзена галоўным лекарам Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, чые дзеянні, у тым ліку, былі аб'ектам крытыкі Ігара Пастнова.

Згодна з ч. 1 артыкула 392 ГПК, рашэнне суда аб прымусовай шпіталізацыі павінна быць матываваным, паколькі гаворка ідзе аб абмежаванні базавых правоў і свабод чалавека. Аднак рашэнне суда не ўтрымлівае ніякіх пераканаўчых абгрунтаванняў неабходнасці прымянення прымусовай шпіталізацыі. Згодна з ч. 2 артыкула 36 Закона «Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі» рашэнне суда аб прымусовай шпіталізацыі і лячэнні выносіцца ў выпадку знаходжання асобы, якая пакутуе на псіхічнае захворванне, і ўхілення яе ад лячэння, у стане, які абумоўлівае:

- яе непасрэдную небяспеку для сябе і (або ) іншых асоб;

 - яе бездапаможнасць ;

 - магчымасць прычынення істотнай шкоды свайму здароўю з прычыны пагаршэння стану псіхічнага здароўя, калі такая асоба будзе пакінута без псіхіятрычнай дапамогі.

Важнай умовай вынясення рашэння аб прымусовай шпіталізацыі з'яўляецца ўхіленне асобы ад лячэння. Дадзены факт павінен быць правераны судом з выклікам і допытам у судовым пасяджэнні асоб, якія могуць пацвердзіць факт ухілення грамадзяніна ад лячэння. Як відаць з рашэння суда, гэтага не было зроблена.

У рашэнні не паказваецца, у чым менавіта заключаецца непасрэдная небяспека Пастнова для сябе, чаму пакіданне яго без медыцынскай дапамогі можа нанесці істотную шкоду яго здароўю.

Вырашэнне дадзеных пытанняў з'яўляецца важнай гарантыяй захавання правоў і свабод грамадзяніна пры правядзенні працэдуры прымусовай шпіталізацыі.

Правядзенне суда ў закрытым рэжыме без дастатковых на тое падстаў супярэчыць прынцыпу галоснасці пры адпраўленні правасуддзя і само па сабе з'яўляецца парушэннем права на справядлівы суд.

Відавочна, што парушэнне права Ігара Пастнова на справядлівае судовае разбіральніцтва пацягнула парушэнне яго права на асабістую недатыкальнасць.

Такія дзеянні, апроч усяго, з'яўляюцца парушэннем гарантыі на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне.

Мы заклікаем кампетэнтныя органы неадкладна вызваліць Ігара Пастнова з псыхіятрычнага стацыянара і перагледзець рашэнне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваннем устаноўленых працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства