Ліквідаванае грамадзкае аб’яднаньне «Стары горад»
Судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Георгій Дзьмітрук задаволіў пазоў упраўленьня юстыцыі аблвыканкаму і ліквідаваў арганізацыю «Стары горад», якая дзейнічала з 1992 году. Як паведамляе «Радыё Свабода», суд палічыў, што гісторыка-культурніцкае аб’яднаньне “Стары горад” парушыла заканадаўства, бо ня мела сталага офіснага памяшканьня і не прапісала ў сваім статуце нормы “прадмет дзейнасьці арганізацыі”.
Але старшыня “Старога гораду” Ірына Лаўроўская лічыць, што гэта былі толькі фармальныя прычыны:
“Сапраўдная прычына – зачыстка ўсяго трэцяга сэктару, непадкантрольных уладам грамадзкіх арганізацыяў. Некалькі месяцаў таму, на афіцыйным сайце аблвыканкаму зьявілася маё прозьвішча побач са “Старым горадам”, як заўважанай у дэструктыўнай дзейнасьці. Думаю, што наша дзейнасьць раздражняла дзяржаўныя структуры вельмі даўно. Яны ўвесь час у наш бок ня роўна дыхалі. Але да сёньняшняга дня мы выходзілі з гэтага становішча.
А, што тычыцца фармальных прэтэнзіяў, якія закінула нам упраўленьне юстыцыі, то гэтыя фармальныя прычыны можна было ліквідаваць цягам дзесяці хвілінаў”, -- кажа Ірына Лаўроўская.
Нягледзячы на фармальную ліквідацыю аб’яднаньне “Стары горад” не зьбіраецца спыняць сваю дзейнасьць. Ня выключана, што арганізацыя будзе зарэгістраваная, як гарадзкая суполка Таварыства беларускай мовы.