Еўрадэпутат звярнуўся ў Еўракамісію ў справе лекара Ігара Паснова
Еўрадэпутат Марэк Мігальскі звярнуўся ў Еўракамісіію, а таксама да міністра аховы здароў’я Польшчы Барташа Арлуковіча ў справе беларускага лекара Ігара Паснова.
Мігальскі заклікаў заступіцца за лекара, які за крытыку беларускіх уладаў быў прымусова змешчаны ў псіхіятрычную лякарню, паведаміла памочніца дэпутата Мігальскага Ганна Бяляс:
- У сваіх лістах спадар дэпутат падкрэсліў, няма сумневаў у тым, што прысуд палітычна матываваны. Прысуд беларускаму псіхіятру з’яўляецца чарговай спробай знішчэння грамадскай супольнасці ў Беларусі. У сувязі з гэтым спадар дэпутат заклікае прыняць усе магчымыя крокі на міжнародным форуме з мэтай абароны беларускіх лекараў, а таксама прыняць захады ў гэтай справе.
21 жніўня Віцебскі абласны суд асудзіў доктара Ігара Паснова на прымусовае, псіхіятрычнае лячэнне. Лекар паўтара года змяшчаў у інтэрнэце крытычныя матэрыялы на адрас уладаў і адносна сістэмы аховы здароў’я.
Праваабарончыя арганізацыі лічаць змяшчэнне іншадумцаў у псіхушкі вяртаннем да ганебнай практыкі савецкіх часоў.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Праваабарончы цэнтр «Вясна» занепакоеныя прымусовай шпіталізацыяй Ігара Пастнова. Праваабаронцы заклікаюць кампетэнтныя органы неадкладна вызваліць Ігара Пастнова з псыхіятрычнага стацыянара і перагледзець рашэнне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваннем устаноўленых працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору.