Сайт Аляксандра Казуліна заблакаваны
Сайт Аляксандра Казуліна, тэхнічную падтрымку якога ажыцьцяўляла інтэрнэт-суполка “Трэці шлях”, заблякаваны. Паплечнікі палітыка не выключаюць, што зроблена гэта пад ціскам спэцслужбаў, паведамляе Радыё Свабода.
Цяпер, на старонцы зьявіўся такі тэкст: “Цераз частыя скаргі на сыстэматычны спам з адрасоў сайту kozylin.com ды шэрагу іншых праблемаў служба тэхнічнай падтрымкі інтэрнэт-суполкі “Трэці шлях” вымушаная часова прыпыніць працу сайту да вырашэньня гэтых праблемаў з адміністрацыяй сайту kozylin.com. Мы таксама нагадваем адміністрацыі сайту, што ўладальнікам правоў на гэты дамэн, праграмнае забесьпячэньне й тэхнічную базу ёсьць інтэрнэт-суполка “Трэці шлях”, і зьдзяйсьненьне супрацьпраўных дзеяньняў пры дапамозе нашай уласнасьці найперш адбіваецца на нас. Спам жа ж ёсьць яскравым прыкладам такой супрацьпраўнай дзейнасьці. Просім адміністрацыю сайту kozylin.com зьвязацца з прадстаўніком “Трэцяга шляху” ў найбліжэйшы час для вырашэньня гэтых пытаньняў. Да гэтага моманту сайт будзе блякаваны”.
Кіраўнік прававой службы Аляксандра Казуліна Алег Воўчак не выключае, што на сайт палітыка ідзе сур’ёзная атака з боку спэцслужбаў. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію Свабодзе. Гэта можа быць зьвязана з тым, што апошнім на сайце друкавалася шмат матэрыялаў, прысьвечаных якраз спэцслужбам ды іхнай дзейнасьці.