Канстытуцыйны суд Беларусі прапанаваў парламенту ўдакладніць артыкулы Крымінальнага кодэксу, датычныя зьнявагі гонару і годнасьці прэзідэнта і іншых службовых асобаў.
Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе суда.
Нагодай дзеля разгляду гэтага пытаньня стаў зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў, у якім Канстытуцыйнаму суду прапаноўвалася даць заключэньне аб адпаведнасьці Канстытуцыі артыкулаў 367 (паклёп у адносінах да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 368 (зьнявага гонару і годнасьці прэзідэнта) і 369 (зьнявага прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, што за апошнія два гады па гэтых артыкулах былі асуджаныя некалькі чалавек, у тым ліку і трое журналістаў – Мікола Маркевіч, Павел Мажэйка і Віктар Івашкевіч.
Па меркаваньні Канстытуцыйнага суда, узьнятае БАЖ пытаньне адносіцца ў большай ступені да праблемы “правільнага ўстанаўленьня на практыцы прыкмет злачынства”.
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны суд рэкамендаваў унесьці ў Крымінальны кодэкс дапаўненьні, каб “крытычныя заўвагі, зробленыя на адрас прадстаўніка ўлады, не зьвязаныя з распаўсюджаньнем ілжывых, ганьбячых яго домыслаў, альбо з наўмысным прыніжэньнем гонару і годнасьці, выражаным у непрыстойнай форме, не маглі разглядацца як злачынства”.
Адпаведны ліст ужо накіраваны ў Нацыянальны сход Беларусі.