viasna on patreon

Працягваецца суд па факце звальнення Леаніда Дубаносава

2013 2013-09-11T12:49:49+0300 2013-09-11T12:49:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/leonid-dubonosov.jpg
Леанід Дубаносаў

Леанід Дубаносаў

Суд па справе звальнення актывіста незалежнага прафсаюза Леаніда Дубаносава з “Граніта” зацягваюць невыпадкова, перакананыя паплечнікі.

Гэтаму ёсць дзве прычыны: вышэй яшчэ не прынята рашэнне і працэс прыцягнуў шмат увагі недзяржаўных прафсаюзаў. Толькі на сённяшняе паседжанне прыехалі прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў з Берасця, Менска, Салігорска, Віцебска і Наваполацка. Былы старшыня Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Генадзь Быкаў кажа, што суддзя Міхаіл Дзенісевіч разумее ўсю сітуацыю і сам знаходзіцца пад пагрозай звальнення:

- Калі суддзя верне яго на працу, то згубіць сваю. Гэтая справа на 90% палітычная, а не эканамічная. Тут дзіцячыя аргументы, усё відаць, бо шыта белымі ніткамі. Зразумела, чаму людзей звольнілі. Хоць адзін з кіраўнікоў незалежнага прафсаюза застаўся на працы? Ніводны, нават жонак пазвальнялі.

Актывісты незалежных прафсаюзаў адзначаюць, што ўлады стрымалі свае абяцанні і зрабілі ўсё магчымае, каб на прадпрыемстве “Граніт” не было суполкі Беларускага незалежнага прафсаюза.

* * *

Лунінецкі суд у сераду вынясе рашэнне па справе Леаніда Дубаносава. Актывіст Беларускага незалежнага прафсаюза намагаецца даказаць незаконнасць свайго звальнення з прадпрыемства “Граніт” і выявіць факты дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасці.

Суд цягнецца з ліпеня. На апошнім пасяджэнні суддзя Дзенісовіч выслухаў сведкаў, былых калег Дубаносава. 

Сведка Старыкевіч, якому да пенсіі застаўся адзін год, заявіў, што Дубаносаў вельмі кепскі рабочы, а вось машыніст экскаватара Кулакевіч адзначыў высокі прафесіяналізм Дубаносава.

У лепшым выпадку Дубаносаву выплацяць кампенсацыю, мяркуе актывіст Свабоднага прафсаюза Генадзь Быкаў:

- Суддзя паводзіць сябе больш-менш, хоць вядома, які будзе канец. Думаю, што ў лепшым выпадку Леаніду кампенсуюць тое, бо калі выходзіў у адпачынак не далі грошай на аздараўленне.

Леанід Дубаносаў не пагодзіцца на частковае задавальненне скаргі:

- Я часткова незгодны. Ужо вядома, што яны не заплацілі за адпачынак. Яны заплацяць: “На табе мільён, адчапіся ты”.

Нагадаем, што з прадпрыемства “Граніт” звольненыя ўсе арганізатары суполкі незалежнага прафсаюза. Змаганне адміністрацыі прадпрыемства з актывістамі цягнулася два гады.

* * *

У судзе Лунінецкага раёна, праз месяц перапынку, працягваецца судовае разбіральніцтва па факце звальнення з прадпрыемства “Граніт” сябра незалежнага прафсаюза Леаніда Дубаносава.

Падтрымаць свайго паплечніка сабраліся актывісты Беларускага незалежнага прафсаюза і прадстаўнікі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

Суддзя Дзенісевіч выклікаў сведкамі трох калегаў Дубаносава, якія павінны распавесці ў судзе, ці дыскрэдытавала кіраўніцтва прадпрыемства актывіста. Сам Леанід Дубаносаўадзначае, што суддзя заняў нейтральную пазіцыю:

- Суддзя маўчыць. Як я разумею, ён слухае і адных, і другіх, матае сабе на вус. Я не бачу, каб ён стаў на мой бок ці бок «Граніта». З юрыстам «Граніта» мы ніколі не сварымся, заўсёды вітаемся. Я разумею, што гэта яго праца, але ён часам такія довады незразумелыя прыводзіць. І пракурор чамусьці заўсёды з ім згодны.

Актывіста незалежнага прафсаюза Леаніда Дубаносава звольнілі з “Граніта” ў траўні, калі ён знаходзіўся ў адпачынку. Прычынай сталі два парушэнні, якія адмаўляе адміністрацыя прадпрыемства, але лічыць звальненне законным.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства