viasna on patreon

Бабруйск: Дэпутат гарсавета -- парушальнік закону?

2013 2013-09-11T12:57:08+0300 2013-09-11T12:57:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/deputatckae_kresla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У газеце гарвыканкама “Бабруйскае жыццё” (№ 36) з’явілася паведамленне намесніка старшыні Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці Аляксея Іглікава. У тэксце распавядаецца пра праверку, якая адбылася ў хакейным клубе “Шыннік-Бабруйск”.

“Устаноўлена, што з чэрвеня мінулага года (пасля пераходу каманды ў Бабруйскі філіял “Дынама-Шыннік” ЗАТ “ХК Дынама-Мінск”) дзейнасць прадпрыемства мела да спорту толькі ўскосныя адносіны і не суадносілася з асноўнымі статутнымі мэтамі”, - паведаміў супрацоўнік КДК. Таксама ў тэксце гаворыцца, што “кантралёрамі выяўлены незаконныя выплаты, надбаўкі і прэміі кіраўніку, неабгрунтаванае ўжыванне падаткавых ільгот, шматлікія парушэнні заканадаўства аб арэндзе, дзяржаўных закупах, абыходжання з адкідамі, бухгалтарскім уліку, статыстычнай справаздачнасці ды іншае”.

Згодна з паведамленнем, некаторыя службовыя асобы і прадпрыемства аштрафаваныя, шэсць супрацоўнікаў прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. Пры гэтым прозвішчы кіраўнікоў клуба, якія парушалі закон, не паведамляюцца.

Але бабруйчанам вядома, што ў той час дырэктарам “Шыннік-Бабруйск” быў Максім Суботкін, дзеючы дэпутат гарсавета 26 склікання. Нагадаем, ён таксама балатаваўся на апошніх выбарах у ПП НС, але не прайшоў з-за вялікай колькасці несапраўдных подпісаў. 

Зараз Максім Суботкін жыве ў Мінску і з красавіка бягучага года кіруе хакейным клубам “Дынама-Мінск”. На новым працоўным месцы бабруйчанін таксама паспеў выклікаць нараканні з боку бацькоў выхаванцаў хакейнай школы “Дынама”. У пачатку жніўня яны напісалі калектыўны зварот  Аляксандру Лукашэнку, у якім сцвярджалі, што “на справе новае кіраўніцтва ХК “Дынама-Мінск” у асобе спадара Суботкіна М.У., спрабуе знішчыць нашу школу, адмаўляючыся аказваць якую-небудзь фінансавую дапамогу, не кажучы ўжо пра працэнты, прапісаныя ва ўказе (аб падтрымцы хакея)”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства