viasna on patreon

Еўрапарламент: Аднаўленне дыялогу з Беларуссю — толькі пры ўмове вызвалення палітвязняў

2013 2013-09-12T11:15:19+0300 2013-09-12T11:15:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/europe.jpg

Еўрапарламент на сесіі ў Страсбургу вечарам 11 верасня абмеркаваў даклад аб сітуацыі ў Беларусі.

Дакумент падрыхтаваны дакладчыкам Еўрапарламента па БеларусіЮстасам Палецкісам (Літва) для Еўракамісіі, вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, Рады ЕС і дзяржаў — членаў Еўрасаюза.

Прэзентуючы даклад, Палецкіс зазначыў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае заставацца цяжкай.

Разам з тым ён падкрэсліў, што старшынство Літвы ў ЕС і саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Вільні ў лістападзе, неабходна выкарыстаць для паляпшэння адносінаў з Мінскам і аднаўлення палітычнага дыялогу.

«Вядома ж, гэта магчыма толькі пры ўмове, што будуць вызвалены ўсе палітвязні», — сказаў Палецкіс.

Еўракамісар па пытаннях пашырэння і добрасуседства Штэфан Фюле, які выступаў ад імя вярхоўнага прадстаўніка ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, зазначыў, што выкладзеныя ў дакладзе рэкамендацыі «дапамогуць у вырашэнні пытання, як знайсці выйсце са складанай сітуацыі ў краіне-суседцы».

Ён зазначыў, што ЕС гатовы паўнавартасна супрацоўнічаць з Мінскам, але толькі пры ўмове, што «ўсе палітычныя зняволеныя будуць вызвалены і рэабілітаваны, а Беларусь прадэманструе прагрэс у сферы захавання правоў чалавека».

«Даклад жа гаворыць, што сітуацыя пакуль не мяняецца, — сказаў Фюле. — Сямёра палітзняволеных па-ранейшаму знаходзяцца ў турме. Мараторый на смяротную кару ўсё яшчэ не ўведзены. Працягваецца пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці і крытыкаў улады».

У сувязі з гэтым, падкрэсліў еўракамісар, у ЕС няма выбару, апрача як працягнуць у дачыненні да Беларусі палітыку абмежавальных мер, да перагляду якіх Рада ЕС вернецца ў кастрычніку гэтага года.

Разам з тым Фюле зазначыў, што пасля прызначэння Уладзіміра Макея міністрам замежных спраў уладамі Беларусі быў зроблены шэраг захадаў для наладжвання адносінаў з ЕС, у тым ліку Мінск пагадзіўся на аднаўленне працы ў краіне пасольства Швецыі. «Мы гэта вітаем, — сказаў Фюле. — Але выклікае шкадаванне, напрыклад, тое, што ўжо на працягу двух гадоў няма адказу на нашу прапанову пачаць перамовы аб аблягчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю».

Дэпутаты Еўрапарламента, якія выступілі, таксама асабліва падкрэслілі, што абавязковай умовай для аднаўлення дыялогу з афіцыйным Мінскам з`яўляецца вызваленне ўсіх палітзняволеных.

Як паведаміў паводле вынікаў абмеркавання Юстас Палецкіс, галасаванне па дакладзе адбудзецца 12 верасня.

Паводле слоў Палецкіса, ён задаволены тым, як прайшло абмеркаванне дакумента ў Еўрапарламенце. «Дэпутаты вельмі правільна казалі пра тое, што палітзняволеныя — гэта пытанне нумар адзін, — сказаў ён. — Але, па-мойму, некаторыя з іх не зразумелі, што гэта не адна з 37 рэзалюцый па Беларусі аб парушэнні правоў чалавека, а першая за 19 гадоў спроба не толькі ацаніць сітуацыю ў краіне, але і паглядзець на далейшую стратэгію ў дачыненні да Беларусі, зразумець, што рабіць, каб палепшыць сітуацыю».

Як падкрэсліў Палецкіс, яму хацелася, каб больш гаварылі менавіта пра тое, як дамагчыся змянення і паляпшэння сітуацыі ў Беларусі.

Паводле ацэнкі еўрадэпутата, падчас галасавання 12 верасня даклад павінен быць ухвалены, таму што ёсць кансенсус паміж усімі палітычнымі партыямі і фракцыямі ў парламенце. «Павінна адбыцца нешта экстраардынарнае, каб яго не ўхвалілі», — сказаў Палецкіс.

Ён зазначыў, што пасля ўхвалення даклад будзе накіраваны ў Еўракамісію, вярхоўнаму прадстаўніку ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, Радзе ЕС і дзяржавам — членам Еўрасаюза. «Але гэта менавіта рэкамендацыі таго, як ім варта дзейнічаць, — сказаў Палецкіс. — Хаця потым на сустрэчах мы будзем пытацца ў іх, ці выконваюць яны тую або іншую рэкамендацыю, што ўжо зрабілі і гэтак далей».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства