viasna on patreon

Улады "ацанілі" "Асьвечаных Беларушчынай" (копіі дакументаў)

2013 2013-09-13T17:01:23+0300 2013-09-16T10:02:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki-kniha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай»

Кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай»

Кніга Алеся Бяляцкага “можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”. Да такой высновы прыйшла экспертная камісія, на разгляд якой Ашмянская мытня накіравала зборнік літаратуразнаўчых эсэ і нарысаў “Асьвечаныя Беларушчынай”, што выйшаў у свет за час зняволення аўтара. 40 асобнікаў выдання былі канфіскаваныя ў праваабаронцы Таццяны Рэвяка на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог” 3 ліпеня бягучага года.  

Заключэнне экспертнай камісіі ад 3 верасня 2013 года Таццяна Рэвяка атрымала па пошце 5 верасня. Гэтаму папярэднічалі два месяцы перапіскі праваабаронцы з мытнымі органамі.

Уведамленне аб прызначэнні мытнай экспертызы начальнік Ашмянскай мытні Іван Нівяркевіч даслаў Таццяне Рэвяка 5 ліпеня, паведаміўшы, што правядзенне экспертызы даручана начальніку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкаму. 15 ліпеня праваабаронца накіравала начальніку мытні хадайніцтва з просьбай даслаць ёй копію пастановы аб прызначэнні экспертызы, а таксама звесткі пра кваліфікацыю эксперта – адукацыю, спецыяльнасць, вучоную ступень, стаж працы па спецыяльнасці і вопыт экспертных даследванняў. Пры гэтым яна кіравалася артукулам 138 Мытнага кодэкса Мытнага саюза, у адпаведнасці з якім “мытная экспертыза прызначаецца мытнымі органамі і праводзіцца мытнымі экспертамі, а таксама экспертамі іншых упаўнаважаных арганізацый” і ў якасці эксперта можа быць прызначана асоба, якая “валодае неабходнымі адмысловымі ведамі для дачы заключэння эксперта”. У адказ на гэта хадайніцтва выконваючы абавязкі начальніка мытні Сяргей Самушчаў паведаміў (яго адказ датаваны 22.07.2013), што Ашмянскай мытні не вядома, хто будзе праводзіць экспертызу, але ў дасланым ім рашэнні пра прызначэнне экспертызы (ад 05.07.2013г.) гэтая асоба ўказвалася – начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Скарабко П.К.  У сувязі з такім  супярэчлівым адказам Таццяна Рэвяка даслала начальніку мытні чарговае хадайніцтва, у якім настойвала на ранейшым патрабаванні – паведаміць звесткі пра кваліфікацыю спадара Скарабко П.К. На гэта прыйшоў чарговы бязглузды адказ (ад 07.08.2013г.) Івана Нівяркевіча, які нібыта не разумеў, пра што ў яго дапытваюцца: “Ашмянская мытня прыняла рашэнне скарыстацца ведамі экспертаў у асобе супрацоўнікаў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы культуры па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. У выпадку немагчымасці правядзення экспертызы рашэнне будзе вернутае ў Ашмянскую мытню. Ашмянская мытня не валодае звесткамі, хто будзе праводзіць экспертызу…” 

Атрымаўшы такі адказ, Таццяна Рэвяка 14 жніўня даслала зварот у Дзяржаўны мытны камітэт, выказаўшы занепакоенасць тым, што праз 33 дні пасля прызначэння экспертызы (з 5 ліпеня па 7 жніўня) начальніку мытні ўсё яшчэ не вядома асоба эксперта. У той час як тэрмін правядзення экспертызы не можа перавышаць 20 працоўных дзён ад дня прыняцця экспертам матэрыялаў да вытворчасці (паводле ч.2 арт.139 Мытнага кодэкса), а матэрыялы, якія паступілі на мытную экспертызу, перадаюцца выканаўцу цягам працоўнага дня (паводле Парадку правядзення мытнай экспертызы пры правядзенні мытнага кантролю ад 20.05.2010 № 258). “Пра вынікі мытнай экспертызы мне не паведамілі дагэтуль, і у мяне ствараецца ўражанне, што альбо тэрміны альбо парадак правядзення экспертызы парушаны”. Праваабаронца прасіла правесці паверку і прызнаць дзеянні мытнага органа і яго службовых асобаў неправамернымі і вызначыць меры для ўстранення дапушчаных парушэнняў.  

У адказе з Дзяржаўнага мытнага камітэта, датаваным 9 верасня, паведамляецца: “Згодна з даведкай экспертнай камісіі экспертыза пачатая 24 ліпеня 2013 г. і завершаная 30 ліпеня 2013 г. Тым самым тэрміны і парадак правядзення мытнай экспертызы парушаны не былі. Заключэнне экспертнай камісіі было накіраванае ў Ашмянскую мытню 14 жніўня 2013 г. мытным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана апавяшчэнне мытным органам дэкларанта, які валодае паўнамоцтвамі ў дачыненні да тавараў, пра вынікі мытнай экспертызы”. І далей: “Факты, выкладзеныя ў Вашай скарзе пра незаконнасць дзеянняў службовых асобаў Ашмянскай мытні, не знайшлі пацверджання”.   

А перад гэтым праваабаронца атрымала ўведамленне (ад 20 жніўня) з Ашмянскай мытні, якая прапаноўвае “ажыццявіць вяртанне тавару (40 асобнікаў кнігі "Асьвечаныя беларушчынай", выдадзенай у г. Вільня) на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі”. Разам з тым прапаноўваецца “альтэрнатыва” - “сплаціць мытную пошліну”. У дакуменце ўказана, што такое рашэнне мытнікамі было прынятае з улікам частаты перасячэння Таццянай Рэвяка мяжы, а таксама “характару і колькасці перамяшчаемых тавараў”.

Не пагадзіўшыся з вызначэннем “тавар” (што разумее пад сабой камерцыйную аснову) у дачыненні да кнігі Алеся Бяляцкага, Таццяна Рэвяка накіравала ў Ашмянскую мытню яшчэ адно хадайніцтва, у якім прывяла аргументы на карысць таго, што гэтае выданне не прызначанае для выкарыстання з прадпрымальніцкімі мэтамі. “Сорак асобнікаў гэтай кнігі … неабходныя для мяне, маёй сям’і, маіх сяброў, для бясплатнай перадачы ў бібліятэкі. Дадзеная кніга ўвогуле не прызначана для продажу, паколькі выдадзена на добраахвотныя ахвяраванні. Аўтарам кнігі “Асьвечаныя Беларушчынай” з’яўляецца А.В. Бяляцкі, мой даўні знаёмы, пад кіраўніцтвам якога я працавала, з якім у цяперашні час працую ў адной арганізацыі. На карысць маіх довадаў сведчыць тыраж, мастацка-публіцыстычны стыль выдання, а таксама адсутнасць у мяне рэгістрацыі ў якасці суб’екта прадпрымальніцкай дзейнасці…”  Наконт аргументу мытнікаў пра частату перасячэння ёй мяжы Таццяна Рэвяка патлумачыла: “я з’яўляюся прэзідэнтам літоўскай некамерцыйнай арганізацыі і робіць адносна рэгулярныя паездкі з мэтай выканнання сваіх службовых абавязкаў. Тавар, які мог бы ўяўляць хоць нейкі інтарэс для камерцыйнага выкарыстання, падчас гэтых паездак я не перавожу”. У сувязі з адзначаным праваабаронца прасіла начальніка мытні Івана Нівяркевіча перагледзець меркаванне мытні адносна гэтых сарака асобнікаў кнігі “Асьвечаныя Беларушчынай” і вярнуць іх ёй для выкарыстання па прызначэнні. Паколькі ў адказ на гэтую просьбу ніякіх крокаў з боку начальніка Ашмянскай мытні не было, Таццяна Рэвяка ў сувязі з гэтым накіравала скаргу ў Дзяржаўны мытны камітэт.

Другая скарга праваабаронцы, накіраваная на імя старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта, датычыцца цэлага шэрагу парушэнняў, дапушчаных пры правядзенні экспертызы кнігі Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай”.

З даведкі экспертнай камісіі (а з гэтым перлам варта азнаёміцца, таму мы змяшчаем поўны варыянт у дадатку!) вынікае, што “эксперты” ў кнізе Алеся Бяляцкага шукалі “экстрэмізм”, а паколькі нічога не знайшлі, то вырашылі наводмаш прыйсці да высновы, што “дадзеная друкаваная прадукцыя можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”.

У праваабаронцаў паўстала шмат пытанняў наконт гэтай “экспертызы”, і гэтыя пытанні Таццяна Рэвяка ставіць у скарзе ў Дзяржаўны мытны камітэт.

Па-першае, яна піша пра тое, што мела рацыю, выказваючы занепакоенасць наконт няведання начальнікам Ашмянскай мытні асобы прызначанага эксперта, “паколькі экспертызу ўжо да гэтага часу (да 7 жніўня) правялі, не ставячы, відавочна, у вядомасць пра гэта Ашмянскую мытню. Але заключэнне і ўзоры ў мытню не вярнулі”.  Тут праваабаронца ўказвае, што тэрміны перадачы ўзораў для экспертызы ці пачатак іх даследвання парушаны.

Далейшыя прэтэнзіі тычацца асобы эксперта. Звернем увагу на тое, што ў рашэнні мытнага органа пра прызначэнне экспертызы (ад 05.07.2013г.) указвалася асоба начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Скарабко П.К. А паводле даведкі экспертыза праведзена з 24 па 30 ліпеня 2013 г. нейкай экспертнай камісіяй у складзе двух навукоўцаў УА "Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я.Купалы". “Першае і галоўнае: экспертызу правёў не той эксперт, якога, карыстаючыся сваім выключным правам, вызначыла мытня. На гэтым можна завяршыць ацэнку дзеянняў мытні, якая прыняла пад увагу гэтае заключэнне. Усё, на што я паказваю ў далейшым, служыць мэтам ліквідацыі і недапушчэння ў далейшым парушэнняў закона ў паўсядзённай дзейнасці мытні і яе кіраўнікоў”, - піша ў  скарзе Таццяна Рэвяка.

Акрамя таго, што ўказаная ў рашэнні аднаасобная экспертыза праведзена як комплексная, што ўжо само па сабе з’яўляецца парушэннем, гэтая «экспертная камісія» парушыла ўсе (!!!) патрабаванні да заключэння, вызначаныя мытным кодэксам. Усе пункты гэтых парушэнняў пералічаюцца ў скарзе:

1) У заключэнні не пазначана месца правядзення мытнай экспертызы.

2) У якасці падставы для правядзення мытнай экспертызы ўказаны нейкі ліст Ашмянскай мытні, а не рашэнне аб прызначэнні мытнай экспертызы інспектара мытні.

3) Названыя асобы не з'яўляліся экспертамі, паколькі ў такой якасці не былі прызначаныя мытняй.

4) У заключэнні адсутнічае пазнака, засведчаная подпісам мытнага эксперта (эксперта), пра тое, што ён папярэджаны аб адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці за дачу заведама фальшывага заключэння мытнага эксперта (эксперта) пры правядзенні мытнай экспертызы.

5) Пытанні, пастаўленыя перад мытным экспертам (экспертам), перафармуляваныя самастойна «камісіяй» без тлумачэння прычын для гэтага.

6) Пералік дакументаў, матэрыялаў, пробаў і ўзораў, прадстаўленых мытнаму эксперту (эксперту) для правядзення мытнай экспертызы абмежаваны толькі кнігай, без указання на тое, што экспертам таксама прадастаўлены нейкі ліст ДМК аб «акалічнасцях справы».

7) У заключэнні не пазначаны змест і вынікі даследаванняў з указаннем прымененых метадаў, не дадзена ацэнка вынікаў даследаванняў, няма пэўных высноваў па пастаўленых пытаннях і іх абгрунтавання.

8) Да заключэння не прыкладзены матэрыялы і дакументы, якія ілюструюць заключэнне мытнага эксперта (эксперта).

9) Высновы ў заключэнні мытнага эксперта (эксперта) выкладаюцца не ў выглядзе адказаў на пастаўленыя пытанні, пры гэтым паслядоўнасць адказаў не адпавядае паслядоўнасці пастаўленых пытанняў.

На падставе выкладзенага Таццяна Рэвяка просіць старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта правесці праверку, прызнаць дзеянні Ашмянскай мытні і яго службовых асобаў неправамернымі і вызначыць меры, якія павінны быць прыняты з мэтай ліквідацыі дапушчаных парушэнняў.

Асобную цікавасць выклікае ліст пра “акалічнасці справы”, згаданы “экспертнай камісіяй”.  Таццяна Рэвяка просіць запатрабаваць з Ашмянскай мытні і даслаць ёй копію гэтага ліста, нейкім чынам паўплываўшага на лёс кнігі аўтара-палітвязня.

 

Рашэнне аб прызначэнні мытнай экспертызы кнігі "Асьвечаныя Беларушчынай" А.Бяляцкага (с.1)
Рашэнне аб прызначэнні мытнай экспертызы кнігі "Асьвечаныя Беларушчынай" А.Бяляцкага (с.2)
Даведка экспертнай камісіі па кнізе "Асьвечаныя Беларушчынай" А.Бяляцкага (с.1)
Даведка экспертнай камісіі па кнізе "Асьвечаныя Беларушчынай" А.Бяляцкага (с.2)
Даведка экспертнай камісіі па кнізе "Асьвечаныя Беларушчынай" А.Бяляцкага (с.3)
Даведка экспертнай камісіі па кнізе "Асьвечаныя Беларушчынай" А.Бяляцкага (с.4)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства