Праваабаронцы абмеркавалі з уладамі Галандыі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі
Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Нідэрландскі Хельсінкскі Камітэт (НХК) запрасілі дэлегацыю беларускіх і расійскіх праваабаронцаў, каб падняць з уладамі Галандыі пытанні сістэматычных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
На працягу трохдзённага візіту Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна", Жанна Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), і расійскія праваабаронцы з Міжнароднага камітэта па кантролі за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Вольга Захарава і Юрый Джыбладзэ наведалі Гаагу і Амстэрдам, дзе правялі шэраг сустрэч у МЗС і Парламенце Нідэрландаў, сустрэліся з прадстаўнікамі міжнародных і галандскіх НДА.
У Міністэрстве замежных спраў дэлегацыя сустрэлася з кіраўніком Аддзела Еўропы спадарыняй Дафнай Берхсма, Паслом Нідэрландаў па правах чалавека Ліянэлем Веерам, Спецыяльным прадстаўніком МЗС Нідэрландаў па Усходнім партнерстве Дзіркам Янам Копам, прадстаўнікамі аддзелаў па міжнароднай палітыцы і эканамічных сувязях.
12 верасня ў Парламенце прайшлі слуханні на тэму “Беларусь: бізнес і правы чалавека". Шматлікія кампаніі Нідэрландаў, якія з'яўляюцца асноўным імпарцёрам з Беларусі пасля Расіі, павінныя ведаць пра грубыя парушэнні ў Беларусі, заявіў Ханс ван Бомель, дэпутат парламента Нідэрландаў, які арганізаваў слуханні (яны трансляваліся па інтэрнэце ў рэжыме анлайн).
Прадстаўнік ПЦ "Вясна" распавёў пра парушэнні ў сферы палітычных і грамадзянскіх правоў, асабліва падкрэсліўшы становішча палітычных зняволеных і тое, што нядаўна вызваленыя з месцаў зняволення Зміцер Дашкевіч і Аляксандр Францкевіч былі вымушаныя адбыць тэрміны зняволення да канца, а ў выпадку Дашкевіча яго тэрмін быў працягнуты ўжо ў зняволенні.
Жанна Літвіна абмалявала праблемы незалежных журналістаў і СМІ ў цэлым, асабліва адзначыўшы рэгулярныя затрыманні журналістаў у момант выканання імі іх прафесійных абавязкаў, абмежаванне доступу да інфармацыі, неабходнасць прывядзення беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі. Яна падкрэсліла неабходнасць стварэння канцэпцыі рэфармавання медыя-сферы з абавязковым прыцягненнем міжнародных экспертаў.
Саша Кулаева, кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH), распавяла пра вынікі даследчай місіі па ўмовах працы і элементах прымусовай працы ў Беларусі, праведзенай сумесна з ПЦ "Вясна" ў чэрвені 2013 года ў шэрагу беларускіх гарадоў.
Юрый Джыбладзэ і Вольга Захарава прадставілі свае даследаванні пра галандскія інвестыцыі ў Беларусь і адзначылі, што ўмовай супрацоўніцтва з рэжымам Беларусі павінна быць паляпшэнне ў сферы правоў чалавека ў гэтай краіне.
Спадарыня Дафна Берхсма, кіраўнік Аддзела Еўропы, заявіла ад імя галандскага МЗС, што Нідэрланды выказваюць поўную падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі і ўпэўненыя, што моцная грамадзянская супольнасць - залог змены сітуацыі ў краіне да лепшага. Яна ўказала на тое, што Нідэрланды на ўсіх міжнародных пляцоўках выказваюць рэзкую крытыку сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і спадзяюцца на такі ж крытычны падыход і з боку іншых еўрапейскіх краін. Дэпутат Парламента Ханс ван Боммель, са свайго боку, абяцаў падняць закранутыя на слуханнях пытанні на пасяджэннях Парламента.
У Амстэрдаме, па запрашэнні "Міжнароднай Амністыі" ў Нідэрландах, была праведзена публічная сустрэча для актывістаў і супрацоўнікаў розных НДА і прафсаюзаў, якія працуюць па Беларусі. Галандскае аддзяленне "Міжнароднай Амністыі" пацвердзіла сваё рашэнне працягваць шырокую кампанію па вызваленні старшыні ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага і сітуацыі з правамі чалавека ў цэлым у Беларусі, уключаючы адмену смяротнага пакарання.