viasna on patreon

Алег Воўчак: Любая ўлада будзе змушаная вярнуцца да справы зьніклых

2013 2013-09-17T10:36:09+0300 2013-09-17T10:36:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zniklyja.jpg

16 верасьня споўнілася 14 гадоў ад часу зьнікненьня палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Паводле дзейнага заканадаўства крымінальную справу аб іх зьнікненьні могуць спыніць праз год, бо выйдзе тэрмін даўнасьці. Незалежныя беларускія праваабаронцы і юрысты мяркуюць, што ў справе выкраданьня Ганчара і Красоўскага не павінна быць тэрміну даўнасьці.

Цягам шэрагу гадоў 16 чысла кожнага месяца ў Менску і іншых гарадах Беларусі праходзілі вулічныя акцыі пад назвай «Ланцуг неабыякавых людзей», прымеркаваныя да дня зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Яны суправаджаліся зьбіцьцём, затрыманьнямі, штрафамі і зьняволеньнем удзельнікаў. Спыніліся акцыі толькі пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Чаму ўлады гэтак супрацьстаялі акцыям памяці? Гаворыць адзін з актыўных удзельнікаў, сябра «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка: «Тэма палітычных зьніклых для ўладаў была вельмі нязручная. Яна была настолька высока паднятая на міжнародным узроўні, настолькі шырока вядомая ў грамадзтве, што нават уладам было цяжка не рэагаваць на яе. Гэтыя акцыі былі карысныя ня толькі сем’ям, бо нагадвалі грамадзкасьці пра зьніклых, але і дэмакратычным палітыкам. Бо ўсе партыі, усе рухі аб’ядноўваліся вакол тэмы зьніклых — гэта была агульная важная тэма, якую ўсе прызнавалі. Вядома, далейшая актывізацыя гэтай тэмы была абсалютна нявыгадная гэтай уладзе».

Крымінальную справу аб зьнікненьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага працягвае весьці Менская гарадзкая пракуратура. І праз 14 гадоў справа застаецца на стадыі папярэдняга расьсьледаваньня. Паводле ж дзейнага заканадаўства праз 15 гадоў сканчаецца тэрмін даўнасьці, калі можа наступіць крымінальная адказнасьць. Аднак у справы Ганчара і Красоўскага не павінна быць гэткага завяршэньня, мяркуе юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла: 

«Што тычыцца вынікаў справы, то пакуль ня будзе высьветлены лёс Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, то гэтая справа ня можа быць спыненая і пакладзеная на паліцу паводле нейкіх прававых падставаў. У выніку папярэдняга сьледзтва вінаватыя выяўленыя. Яны названыя. Але гэта не замацавана ў выглядзе сьледчых доказаў. Таму ўся гэтая абстаноўка вакол справы Ганчара — Красоўскага сьведчыць пра тое, што ўлады датычныя да гэтых злачынстваў, зацікаўленыя ў падобным ходзе падзеяў, міжнародная грамадзкасьць з гэтай нагоды неаднойчы выказвалася. Але пры цяперашняй уладзе няма спадзяваньняў, што гэтая справа зрушыцца зь мёртвай кропкі».


Гэтаксама не расьсьледаванымі ў поўнай меры застаюцца справы аб зьнікненьні палітыка Юрыя Захаранкі і журналіста Зьмітра Завадзкага. Тэма зьніклых — адна з найзмрачнейшых старонак гісторыі сучаснай Беларусі, а таксама падстава для заклапочанасьці міжнароднай дэмакратычнай супольнасьці, кажа юрыст і праваабаронца Алег Воўчак: «Улада цудоўна ведае, хто датычны да выкраданьня нашых чатырох грамадзян. Зразумела, што аб’ектыўнага расьсьледаваньня пры дзейнай уладзе ня будзе. Адначасна ўлада ня зможа рухацца далей, ня даўшы ацэнку таму, што адбылося. Бо ўсе гэтыя справы на кантролі і ў Радзе Эўропы, і Радзе ААН па правах чалавека, а таксама ў шэрагу міжнародных праваабарончых арганізацый. Справа Ганчара і Красоўскага ня стане згубленай для грамадзтва, бо яна будзе ў нас на кантролі. І любая ўлада, якая прыйдзе — яна ўсё роўна будзе вымушаная вярнуцца да гэтай справы».
Акцыю памяці Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага прадстаўнікі Беларусі сёньня зладзяць у Злучаных Штатах Амэрыкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства