Актывіст Леанід Здрэстаў дамогся пакараньня віцебскіх судзьдзяў
Двойчы Віцебскі абласны суд адмяняў пастановы, вынесеныя судзьдзямі суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, аб адмове распачаць справы паводле скаргаў жыхара Віцебскага раёну Леаніда Здрэстава супраць УП «Віцебскаблгаз». Таксама двойчы скаргі актывіста ўсё-такі разглядаліся ў судовых паседжаньнях, рашэньні па іх прымаліся – не на карысьць актывіста, але потым гэтыя рашэньні аблсудом былі прызнаныя незаконнымі і скасаваныя. У выніку актывіст паскардзіўся ўжо на судзьдзяў. Ён напісаў Лукашэнку, і быў пачуты: у дачыненьні да дваіх судзьдзяў прынятыя меры ўзьдзеяньня.
Першай, хто вынес незаконнае – як пазьней прызнаў Віцебскі абласны суд – рашэньне наконт адмовы ва ўзбуджэньні справы па скарзе Леаніда Здрэстава стала намесьніца старшыні суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Алена Папкова. Потым яе шляхам пайшла судзьдзя Вікторыя Лешчанка, якая пакінула бяз руху скаргу актывіста аб абароне правоў спажыўцоў – і гэта, як пацьвердзіў абласны суд, ізноў было незаконна. Нарэшце, два разы скаргі ўсё-такі разглядаліся ў Кастрычніцкім райсудзе, абодва разы судзьдзёй Натальляй Лях. І кожная з пастановаў, вынесеных судзьдзёй Лях наконт справы, таксама аказалася незаконнай…
На думку актывіста, судзьдзі раённага суду наўмысна выносілі свае відавочна незаконныя рашэньні, пазбаўляючы яго права на справядлівы судовы разбор. «Адмена дзьвюх судовых пастановаў паводле адной і той жа справы – гэта рэцыдыў беззаконьня. Калі ж прызнаюцца незаконнымі тры пастановы аднаго суду паводле адной справы – гэта ўжо за межамі здаровага сэнсу. Пасьля гэтага судзьдзям, датычным да такога, не павінна больш заставацца месца ў судовай сыстэме дзяржаве», – мяркуе Леанід Здрэстаў. Менавіта так ён напісаў кіраўніку дзяржавы, просячы апошняга разабрацца ў сытуацыі і прыняць адпаведныя арганізацыйныя і кадравыя рашэньні.
Зразумела, зварот актывіста трапіў не на стол прэзыдэнту, а ў яго адміністрацыю. Адміністрацыя перанакіравала зварот у Вярхоўны суд, які зладзіў праверку і пацьвердзіў, што парушэньні з боку судзьдзяў сапраўды мелі месца.
У выніку ў дачыненьні да судзьдзі суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Натальлі Лях, што парушыла закон, узбуджаная дысцыплінарная вытворчасьць, якая накіраваная на разгляд у кваліфікацыйную калегію судзьдзяў Віцебскага абласнога суду; а выконваючы абавязкі начальніка галоўнага ўпраўленьня юстыцыі аблвыканкаму прыняў рашэньне аб пазбаўленьні судзьдзі Лях прэміі за жнівень.
Парушэньні закону з боку судзьдзяў пры разглядзе скаргаў Леаніда Здрэстава былі абмеркаваныя і на апэратыўнай нарадзе ў галоўным упраўленьні юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму. Вынік нарады: намесьніцы старшыні Кастрычніцкага райсуду Віцебску Алене Папковай было паказана на неабходнасьць строгага выкананьня закону і ажыцьцяўленьня належнага кантролю падчас разгляду грамадзянскіх спраў іншымі судзьдзямі.
Пасьля ўсіх разьбіральніцтваў сухой з вады выйшла толькі судзьдзя Вікторыя Лешчанка. Вярхоўны суд паведаміў Леаніду Здрэставу, што не знаходзіць падставаў для прыцягненьня яе да адказнасьці.
Гісторыя, здаецца, блізіцца да завяршэньня. Мабыць, цяпер, пасьля ўсяго, Леанід Здрэстаў нарэшце зможа атрымаць доступ да справядлівага бесстароннага суду. Але выпадак Здрэстава не адзінкавы, таму па завяршэньні яго гісторыі застаецца пытаньне: Ці не нагадвае сёньняшняя Рэспубліка Беларусь не эўрапейскую прававую дзяржаву пачатку XXI стагодзьдзя, дзе дзейнічае вяршэнства права і свае законныя інтарэсы кожны чалавек можа адстаяць у незалежным судзе, а нейкую дэспатыю Усходу часоў Сярэднявечча, пры якой, каб дамагчыся праўды, чалавеку не заставалася нічога іншага, як толькі наўпрост або праз набліжаных да трону зьвяртацца да манарха, спадзеючыся, што той міласэрна пачуе яго і будзе літасьцівы да яго прашэньняў?