Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні папраўкі ў выбарчае заканадаўства
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 2 кастрычніка аднагалосна прынялі ў першым чытанні папраўкі ў некаторыя законы Беларусі па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў. Паводле слоў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, законапраект "накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання выбарчага працэсу, запаўненне прабелаў у заканадаўстве".
Ярмошына паведаміла, што непасрэдна з экспертамі БДІПЧ АБСЕ папраўкі ў выбарчае заканадаўства не абмяркоўваліся. Аднак, адзначыла яна, на нарадах з удзелам прэзідэнта была заслухана інфармацыя МЗС па гэтым пытанні.
Паводле слоў кіраўніка ЦВК, "розныя прапановы" БДІПЧ увайшлі ў законапраект, а шэраг палажэнняў дакумента былі распрацаваны "ў духу і ключы" рэкамендацый міжнародных экспертаў.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што дакумент, які разглядаецца дэпутатамі, "стаў вынікам сур'ёзнай працы па аптымізацыі выбарчага заканадаўства".
Праект прадугледжвае ўнясенне ў выбарчае заканадаўства шэрагу навін. Так, прапануецца правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у адзін тур, а пераможца ў іх будзе вызначацца згодна з прынцыпам адноснай большасці.
Мяркуецца змяніць парадак фінансавання выбарчых кампаній. Так, на прэзідэнцкіх выбарах будзе павялічаны з трох да дзевяці тысяч базавых велічынь памер асабістага фонду кандыдата. Пры гэтым фарміраваць яго можна будзе не пасля рэгістрацыі кандыдата, а з моманту рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы.
Будуць таксама зменены абмежаванні пры ўнясенні ў фонд асабістых сродкаў кандыдата.
Памер выбарчага фонду кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў застанецца ранейшы — адна тысяча базавых велічынь, на мясцовых выбарах у залежнасці ад узроўню савета — да 10 і да 30 базавых велічынь. У той жа час прадугледжана, што кандыдату не будуць выдзяляцца бюджэтныя сродкі на выраб перадвыбарных матэрыялаў. Вызваленыя пры гэтым сродкі будуць накіраваны на выраб выбарчымі камісіямі інфармацыйных матэрыялаў пра кандыдатаў. Інфармацыйныя матэрыялы будуць накіроўвацца кожнаму выбаршчыку разам з паведамленнем пра дату і час галасавання.
Законапраект прапануе пры правядзенні выбарчых кампаній, кампаній па рэферэндуме ўвесці забарону на ажыццяўленне дзеянняў, якія схіляюць да зрыву, адмены ці пераносу тэрміну выбараў, рэферэндуму.
Дакумент абмяжоўвае кола асоб, якія маюць права падаваць заявы на паўторны падлік галасоў. Цяпер гэты пералік не вызначаны. У праекце прапануецца даць такое права толькі кандыдатам, а таксама выбарчым камісіям.
Прапануецца таксама ўстанавіць межавы 10-дзённы тэрмін падачы зваротаў пра парушэнне выбарчага заканадаўства пасля правядзення выбараў ці рэферэндуму.
Акрамя таго, законапраект дапаўняе пералік пытанняў, якія не могуць выносіцца на рэспубліканскі рэферэндум, указаннем на ўстанаўленне, змяненне і адмену збораў (пошлін).
Неабходна адзначыць, што дэмакратычныя партыі і арганізацыі выказвалі занепакоенасць з нагоды распрацоўкі паправак у выбарчае заканадаўства, у прыватнасці, з-за таго, што праект дакумента не быў вынесены на шырокае абмеркаванне.