Палітыкі Аляксандар Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Ігар Шынкарык і Анатоль Ляўковіч атрымалі пісьмовыя папярэджаньні Мінгарвыканкама
Як паведамляе прэсслужба Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у лісьце за подпісам намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Ціцянкова зазначана, што ў адміністрацыю гораду дасланыя «шматлікія звароты грамадзянаў і гасьцей сталіцы». Аўтары зваротаў пратэстуюць «супраць правядзеньня не санкцыяваных Менгарвыканкамам шэсьцяў й мітынгу, што адбыліся 25 сакавіка». Паводле Ціцянкова, акцыя перашкаджала пешаходнаму й транспартнаму руху, прывяла да засьмечваньня прылеглай тэрыторыі, збояў у працы грамадзкага транспарту і гандлю. Усё гэта «ў канчатковым выніку адмоўна адбілася на рытме жыцьця сталіцы».
Чыноўнік папярэджвае заяўнікаў акцыі, што ў выпадку паўторнага правядзеньня несанкцыяваных мерапрыемстваў да іх «будуць прымененыя меры адказнасьці ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам».
Намесьнік старшыні АГП І. Шынкарык зьбіраецца папрасіць Менгарвыканкам азнаёміць яго са сьпісамі «шматлікіх абураных грамадзянаў»: "У сталіцы жыве два мільёны чалавек. Колькі незадаволеных акцыяй людзей зьвярнулася? Можа, на самой справе 20 тысячаў? А калі два ці тры пенсіянеры, якіх паказвала БТ, значыць, у астатніх двух мільёнаў ня ўзнікла ніякіх праблемаў".