Грамадзкія аб’яднаньні “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” і “Адукацыйны цэнтр “Пост” атрымалі пісьмовыя папярэджаньні.
Як стала вядома БелаПАН, шэраг няўрадавых арганізацыяў Беларусі атрымалі папярэджаньні ад упраўленьня юстыцыі Мінгарвыканкаму.
Так, Грамадзкае аб’яднаньне “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” атрымала пісмовае папярэджаньне, у якім яно абвінавачваецца ў парушэньні Дэкрэту прэзідэнта ад 26 студзеня 1999 году №2 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньню дзейнасьці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадзкіх арганізацыяў”. Афіцыйнай нагодай для папярэджаньня стала тое, што “сябра праўленьня грамадзкага аб’яднаньня Вольга Смалянка і старшыня праўленьня Алена Танкачова перашкаджалі дзейнасьці супрацоўнікаў дзяржаўнага органа, якім з’яўляецца Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, пры праверцы дзейнасьці Рэспубліканскай моладзевай грамадзкай арганізацыі "Некст-стоп Нью Лайф", а таксама выступалі ў якасьці прадстаўнікоў дадзенага аб’яднаньня”. Гэта ўжо другое папярэджаньне, вынесенае арганізацыі за апошні час. Першае яна атрымала 15 ліпеня за “удзел у судовых справах, якія датычаць няўрадавых арганізацыяў, у прыватнасьці, прадстаўленьне пазіцыі грамадзкасьці ў судовым працэсе па ліквідацыі Гарадзенскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Ратуша”.
Яшчэ адно папярэджаньне ўпраўленьня юстыцыі Мінгарвыканкаму было вынесенае Грамадзкаму аб’яднаньню “Адукацыйны цэнтр “Пост”. Старшыня праўленьня гэтай арганізацыі Дзьмітрый Карпіевіч паведаміў, што папярэджаньне вынесенае за тое, што фактычнае размяшчэньне арганізацыі не адпавядае юрыдычнаму адрасу.