viasna on patreon

Уладзімер Кацора патрабуе ад МУС і Генпракуратуры ўзбудзіць крымінальную справу

2013 2013-10-09T09:12:04+0300 2013-10-09T09:12:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ul_kacora.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Кацора

Уладзімір Кацора

Гомельскі грамадскі актывіст, лідэр мясцовых дэлегатаў Канферэнцыі "За сумленныя, справядлівыя выбары для лепшага жыцця" Уладзімер Кацора 8 кастрычніка накіраваў заяву аб здзяйсненні крымінальнага злачынства міліцыянтамі на імя міністра МУС і Генеральнага пракурора Беларусі.

22 верасня на дарозе Гомель - Мінск супрацоўнікі ДАІ затрымалі прыватны мікрааўтобус, у якім знаходзіліся дэлегаты рэспубліканскай канферэнцыі па стварэнні кааліцыі "За сумленныя, справядлівыя выбары для лепшага жыцця".

Уладзімер Кацора ўжо звяртаўся з аналагічным патрабаваннем у Гомельскае УУС і пракуратуру Гомельскай вобласці - дэлегаты патрабавалі правесці службовую праверку, па выніках якой высветліць службовую асобу, якая вынесла загад на пераслед і неабгрунтаванае затрыманне дэлегатаў, і ў дачыненні да гэтай службовай асобы і супрацоўнікаў міліцыі распачаць крымінальную справу.

Але з абедзвюх інстанцый актывіст атрымаў звыклыя «адпіскі»: «Пракуратура прапанавала УУС даць адказ. УУС таксама самастойнай версіі незаконным дзеянням падпарадкаваных яму па службе супрацоўнікаў прыдумаць не змагло, прапанаваўшы даць адказ Рэчыцкаму РАУС, адкуль нам паведамілі , што «выкладзеныя факты не знайшлі свайго аб'ектыўнага пацверджання». Фактычна, палкоўнік міліцыі адобрыў удзел супрацоўнікаў міліцыі ў палітычным пераследзе апанентаў дзеючай улады, тым самым схаваў факт здзяйснення супрацоўнікамі міліцыі крымінальнага злачынства», - гаворыць актывіст. Ён не верыць у магчымасць аб'ектыўнага разгляду справы, таму мае намер падаць заяву ў суд.

Як паведамлялася раней, маёр міліцыі Ігар Лапацін і капітан Сяргей Васільчук першапачаткова прычыну пераследу і спынення мікрааўтобуса з дэлегатамі рэспубліканскай Канферэнцыі патлумачылі тым, што мікрааўтобус «падобны» на той, які з'яўляўся ўдзельнікам ДТЗ. Пасля прымусовай дастаўкі транспартнага сродку разам з дэлегатамі ў аддзяленне міліцыі Рэчыцы «версія» супрацоўнікаў міліцыі памянялася, цяпер ім «спатрэбілася» зняць адбіткі пальцаў у кіроўцы мікрааўтобуса.

Пасля таго, як супрацоўнікі міліцыі пераканаліся ў тым, што кіроўца раней праходзіў дактыласкапію, яны запатрабавалі ад яго прайсці запіс на відэакамеру. У рэшце рэшт, супрацоўнікі міліцыі пачалі вылучаць неабгрунтаваныя прэтэнзіі да нумара кузава транспартнага сродку, пасля чаго, прыкладна праз тры гадзіны пасля прымусовага затрымання, адпусцілі вадзіцеля без прад'яўлення якіх-небудзь прэтэнзій і без складання якіх-небудзь працэсуальных дакументаў.

«У выніку неабгрунтаванай перашкоды з боку супрацоўнікаў міліцыі дэлегаты не змаглі прыняць удзел у працы рэспубліканскай Канферэнцыі ў Мінску, тым самым у іх дзеяннях маецца склад крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 194 КК Рэспублікі Беларусь, а менавіта “перашкода законнай дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў альбо ўмяшальніцтва ў іх законную дзейнасць, якія пацягнулі істотнае парушэнне іх правоў і законных інтарэсаў», - піша ў заяве палітык.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства