viasna on patreon

Крок дэмакратычных актывістаў Магілёву насустрач уладзе ў пярэдадзень Чарнобыльскай гадавіны застаўся без падтрымкі

2007 2007-04-23T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напярэдадні 21-й гадавіны з дня Чарнобыльскай аварыі некалькі грамадзкіх дэмакратычных арганізацыяў скіравалі ліст старшыні Магілёўскага гарвыканкама Віктару Шорыкаву з прапановай сваёй дапамогі ў арганізацыі і правядзеньні гарадзкіх мерапрыемстваў, прысьвечаных гадавіне трагедыі.

У аказе на гэты зварот, які падпісаў першы намесьнік старшыні Алег Ліцянкоў, улада пагадзілася на ўдзел прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці толькі ў адным мерапрыемстве - у жалобным мітынгу каля Магілёўскага помніка ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. Гэты мітынг ладзіць, як паведамляецца ў афіцыйным лісьце, Асацыяцыя работнікаў праваахоўных органаў “Шчыт Чарнобыля”. Дэмакраты, падкрэсьліваецца ў адказе, могуць на ім прысутнічаць – як і ўсе іншыя грамадзяне. Зь ліста незразумела, ці прадугледжваюцца ў часе гэтай акцыі прамовы ўдзельнікаў, альбо гэта будзе маўклівая цырымонія ўскладаньня да помніка кветак і вянкоў. Дэмакратаў засмуціла таксама й тое, што яны ўпершыню з гэтага ліста даведаліся пра існаваньне ў горадзе грамадзкай міліцэйскай арганізацыі, аб якой у адказе гаворыцца як пра нібыта актыўна дзейную.

Ні пра якія іншыя гарадзкія мерапрыемствы, як аб гэтым прасілі дэмакраты ў сваім звароце, ліст з гарвыканкаму не паведамляе. Няма ў ім таксама і згоды на сумесны выраб і распаўсюд адпаведнай інфармацыйнай прадукцыі.

Такім чынам, крок дэмакратычных актывістаў насустрач уладзе ў пярэдадзень Чарнобыльскай гадавіны застаўся без падтрымкі, паведаміў belngo.info.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства