Магілёўскага апазіцыянера хочуць выселіць з інтэрнату праз суд
Актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Мікалай Залозны атрымаў позву ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Паводле яе, 24 кастрычніка 2013 года суддзя Юлія Трапыніна разгледзіць пытанне высялення актывіста з інтэрнату без прадастаўлення яму іншага жылля.
Ініцыятарам судовага працэсу выступіла дзяржаўнае ўнітарнае камунальнае даччынае жыллёва-эксплуатацыйнае прадпрыемства, у якім раней Мікалай Залозны працаваў сантэхнікам. На час працы яму быў прадастаўлены пакой у інтэрнаце.
За сваю палітычную дзейнасць Мікалай Залозны больш за год назад быў звольнены з працы, судзіўся з кіраўніцтвам за права аднавіцца на працы, аднак прайграў усе суды.
Затым адбылося яшчэ два судовых працэсы з нагоды таго, што кіраўнік магілёўскіх інтэрнатаў Павел Шышоў у інтэрвью з карэспандэнтам БелаПАН Алесем Асіпцовым, каментуючы высяленне з інтэрнату Мікалая Залознага абазваў БСДП бандай, даслоўна сказаўшы “Ён уваходзіць у склад банды Грамада”.
У судзе Шышоў сказаў, што партыю бандай ён не называў, голас на запісу яму не належыць і ўсё гэта мантаж. Судзя Андрэй Юрчанка стаў на бок Шышова адмовіўшы Мікалаю Залознаму і БСДП у хадайніцтве зрабіць фонаскапічную экспертызу запісу інтэрвью Шышова з Асіпцовым.
Як толькі скончыліся ўсе суды, Павел Шышоў пачаў далейшы працэс высялення сацыял-дэмакрата з інтэрнату, распачаты ім год назад.
“Дабіцца праўды праз судовую сістэму немагчыма – там усё схоплена. Шышоў ведае ўсіх суддзяў, пракурораў, іншых чыноўнікаў. Яго сын таксама працуе ў міліцыі. Я назбіраў датычна яго 50 старонак матэрыялаў, дзе даю факты злоўжывання ім сваім службовым становішчам і карупцыі. Усё гэта я перадаў у розныя дзяржаўныя кантралюючыя органы. У пракуратуры мне спачатку сказалі, што Шышоў сядзе надоўга, аднак потым чалавек, якому я занёс гэтыя дакументы, перазваніў мне і сказаў, што “зверху” забаранілі даваць ход гэтай справе. Акрамя таго, за год са мной так ніхто з міліцыі, пракуратуры і КДБ не сустрэўся паразмаўляць па выкладзеных мною фактах у заявах і скаргах”, - гаворыць Мікалай Залозны.
Актывіст “Грамады” кажа, што іншага месца жыхарства ў яго няма.