У Віцебску забаранілі яшчэ два пікеты
Абедзьве забароны – з Чыгуначнай раённай адміністрацыі, і падпісаныя адной і той самай асобай - намесніцай старшыні раённай адміністрацыі Наталляй Ляпёшкінай.
У правядзенні пікета 19 кастрычніка было адмоўлена віцебскім праваабаронцам, якія збіраліся правесці мерапрыемства дзеля абмеркавання з землякамі праблемы існавання смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь.
Пікет да 25-х угодкаў утварэння БНФ збіраліся правесці віцебскія актывісты Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Ян Талпыга і Ян Дзяржаўцаў. Яны таксама атрымалі адмову з раённай адміністрацыі.
Прычына адмоваў і праваабаронцам, і партыйцам адна й тая самая – адсутнасць дамоваў на абслугоўванне акцый з міліцыяй, службай ЖКГ і медыкамі. Наяўнасць такіх дамоваў яшчэ да атрымання ўласна дазволу на акцыю рэгламентавана рашэннем Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску». Актывісты лічаць, што яно супярэчыць дзеючаму заканадаўству, і неаднаразова прасілі ўнесці змены ў гэтае рашэнне, бо адказныя структуры адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з імі, пакуль не атрыманы дазвол ад уладаў. З "зачараванага кола" за апошнія амаль 4 гады яшчэ ніводнага разу выбрацца не ўдалося: ніводнай акцыі паводле ініцыятывы актывістаў з 2009 года ў Віцебску дазволена не было. Хаця свае правы яны спрабавалі адстойваць і ў судах, і ў гарадской адміністрацыі, даводзілася чуць адзін адказ: рашэнне гарвыканкаму зменена не будзе, бо яно прайшло юрыдычную экспертызу і занесена ў рэестр дзяржаўных актаў.
Але віцебскія актывісты спрабуюць зноў і зноў дастукацца да раённых уладаў, якія раз за разам ім адмаўляюць. Так , сябры КХП БНФ Ян Талпыга і Ян Дзяржаўцаў чакаюць адказаў з Кастрычніцкай і Першамайскай раённых адміністрацый, куды пададзены заяўкі на яшчэ два пікеты. На 20 кастрычніка запланавана акцыя пратэсту супраць размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайсковых баз, а на 27 кастрычніка – пікет супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Каардынатар Руху "За свабоду" у Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і прыхільнік стварэння сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў падалі дзве заяўкі ў Першамайскую раённую адміністрацыю – на пікет салідарнасці з палітвязнямі 29 кастрычніка і на мітынг "Маем права!" 10 снежня, да ўгодкаў прыняцця Усясветнай дэкларацыі правоў чалавека.