Мікалай Аўтуховіч: Калі са мной здарыцца інсульт - не верце
Палітвязень асцерагаецца новых рэпрэсій з боку адміністрацыі Гарадзенскай турмы. Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву», былы следчы пракуратуры Алег Воўчак. Ён таксама распавёў пра тое, што атрымаў адказ на зварот у Генеральную пракуратуру Беларусі, які быў пададзены ім іАляксандрам Камароўскім 25 верасня. Сустаршыні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны ў Афганістане запатрабавалі праверкі законнасці двух спагнанняў, накладзеных на Мікалая Аўтуховіча. У адказе сказана, што зварот перанакіраваны ў Гарадзенскую абласную пракуратуру.
Праваабаронца паведаміў, што палітвязень устурбаваны апошнімі падзеямі, якія адбыліся з ім.
«Мікалай Аўтуховіч заклікае грамадскасць не верыць адміністрацыі турмы, калі яна паведаміць, што з ім здарыўся інсульт, альбо прыпадак. Ён адэкватны, разумны, здароўе яму дазваляе быць жывым, - сказаў Алег Воўчак. - Рэч у тым, што за паўгода да вызвалення нехта даў каманду зрабіць з яго злоснага парушальніка. Мы мяркуем, што гэтая каманда зыходзіць не ад Лукашэнкі, а ад тых чыноўнікаў, якія фігуравалі ці былі замяшаныя ў першай крымінальнай справе ў дачыненні да Аўтуховіча. Яны ўсе знаходзяцца на волі і панічна баяцца яго вызвалення».
Праваабаронца паведаміў, што Мікалай Аўтуховіч некалькі разоў звяртаўся да адміністрацыі турмы і казаў, што не збіраецца парушаць рэжым. Бліжэйшыя тры-чатыры гады пасля вызвалення ён збіраецца заняцца аднаўленнем здароўя.
«Але відавочна, што на адміністрацыю ціснуць. Мікалаю спрабавалі вынесці трэцяе папярэджанне. І ён пайшоў на экстрэмальныя захады і ўскрыў сабе жывот. Пасля гэтага вымушаны быў зрабіць зварот праз «Народную волю», у якім апісаў ўсе парушэнні з боку адміністрацыі. Зняволеныя не могуць абскардзіць дзеянні кіраўніцтва турмы, бо скаргі не выходзяць за яе межы. Хто настойліва дамагаецца справядлівасці - тых кідаюць у следчы ізалятар».
Нагадаем, 8 лютага 2009 года Мікалая Аўтуховіча кінулі ў турму за крытыку мясцовых уладаў. Яму выставілі сфальсіфікаваныя абвінавачванні ў «незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».
6 траўня 2010 года Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь паводле часткі 3 артыкула 295 КК і, нягледзячы на поўнае раскіданне справы ў судзе праз адсутнасць доказаў, прысуджаны да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.
Мікалай Аўтуховіч - ветэран афганскай вайны, паспяховы прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст.