viasna on patreon

Даклад “Human Rights Watch” па выбарчых падзеях у Менску спрыяў выпрацоўцы агульнай пазіцыі міжнароднай супольнасьці

2013 2013-10-16T15:17:39+0300 2013-10-17T12:40:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki_kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі падчас суду

Алесь Бяляцкі падчас суду

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі, з блогу на "Белпартызане". 

Ужо ў студзені 2011 года, занепакоеная сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, міжнародная праваабарончая арганізацыя “Human Rights Watch” прыслала ў Менск кіраўнічку свайго маскоўскага офіса для напісаньня адмысловага дакладу. Расійская грамадзянка, яна без праблемаў ціха сустракалася з колам цікавых ёй людзей з палітычных партыяў, няўрадавых арганізацыяў, з сваякамі палітзьняволеных і ахвярамі рэпрэсій. Такая сустрэча адбылася і ў нас зь ёй на офісе “Вясны”.

Спатканьне было пункцірным. Да нас бясконца, плыньню, ішлі людзі — родныя палітычных зьняволеных ці самі сутачнікі. Мы пісалі скаргі, прымалі ад пацярпелых заявы, тлумачылі сваякам, што рабіць, ці проста размаўлялі, выслухоўвалі і супакойвалі. Былі і яшчэ разнастайныя пільныя праблемы, таму я ўвесь час падхопліваўся падчас нашай размовы і сыходзіў то ў пакой да юрыстаў, то на варыўню, каб там перакінуцца парай словаў зь іншымі людзьмі. А яшчэ хапаўся за тэлефон, калі бачыў там нейкія пільныя званкі. Адным словам, яна патрапіла ў самы цэнтр вэрхалу, зьвязаны з арганізацыяй дапамогі ахвярам рэпрэсіяў. Тым не менш я распавёў ёй і пра тое, што, на мой погляд, адбывалася ў краіне ў гэтыя тыдні, і найбольш важныя, як мне падавалася, факты і падзеі. Гэтаксама сьпехам паразмаўлялі зь ёю і вясноўскія юрысты. У прынцыпе, збольшага мы перадалі ёй усю інфармацыю, якая цікавіла яе.

“Human Rights Watch” зьяўляецца адной з самых аўтарытэтных праваабарончых арганізацыяў у сьвеце. Штаб-кватэра яе знаходзіцца ў Нью-Ёрку, а шматлікія прадстаўніцтвы разьмешчаныя ў некалькіх дзясятках краінаў сьвету. Працуюць у іх зазвычай высокапрафесійныя юрысты-праваабаронцы, якія адсочваюць сітуацыю і рыхтуюць даклады па найбольш вострых праблемах з правамі чалавека ў краінах свету. У Расіі “Human Rights Watch” вядомая па дакладах, якія тычыліся парушэньня правоў чалавека падчас першай і другой войнаў у Чачні. У дакладах расійскія ўлады былі востра скрытыкаваныя за масавыя парушэньні правоў мірнага насельніцтва Чачні. Пасьля гэтагадзейнасьць “Human Rights Watch” у Расіі ўспрымаецца расійскімі ўладамі варожа і непрыхільна.

Сістэмна працаваць па Беларусі ў “Human Rights Watch” не хапала сілаў. Але арганізацыя перыядычна адгукалася на найбольш вострыя падзеі ў краіне, публікавала заявы, прэс-рэлізы. Было зразумела, што зьяўленьне незалежнага даклада па выбарчых падзеях у Менску будзе мець важнае значэньне для выпрацоўкі агульнай пазіцыі міжнароднай супольнасьці. Бо ў цывілізаваным сьвеце зважаюць на меркаваньні праваабарончых арганізацыяў, да іх прыслухоўваюцца і іхняя эксьпертная думка мае вялікую вагу.

Празь нейкі час пасьля гэтай сустрэчы мы з кіраўнічкаю маскоўскага офіса “Human Rights Watch” выступілі разам у якасьці эксьпертаў у Жэневе падчас абмеркаваньня ідэі прыняцьця адмысловай заявы па Беларусі на Радзе па правах чалавека ААН. Вось там, у Жэневе, яна запрасіла мяне на прэзентацыю падрыхтаванага ёй даклада па Беларусі ў Маскву. Я пагадзіўся.

І вось праз два тыдні зранку я вылецеў з Менска ў Маскву. Лёту атрымліваецца каля гадзіны часу. 20 хвілінаў самалёт узьлятае і набірае вышыню, 20 хвілінаў ляціць і 20 хвілінаў зьніжаецца і сядае. Праз гадзіну я ўжо ў Маскве, у “Шарамецева-1”. Арганізатары абяцаліся мяне сустрэць. Прайшло 20 хвілінаў, паўгадзіны — нікога не было. Я меў адрас правядзеньня прэс-канферэнцыі і мапу цэнтра Масквы, дзе знаходзілася патрэбная мне вуліца. Таму не стаў далей чакаць, сеў на аўтобус і паехаў да станцыі метро. Звычайна, прыляцеўшы ў Маскву ў ранейшыя прыезды, я дабіраўся да станцыі метро “Рачны вакзал”. Гэтым разам на маршрутнай шыльдзе аўтобуса была ўказаная іншая станцыя метро. Якая розьніца, падумаў я, часу да канферэнцыі яшчэ багата, можна і пакатацца. Квіток каштаваў 30 расейскіх рублёў, у мяне ж была адная тысячная паперка. Рэшты ў кіроўцы не было, і ён кіўнуў галавою — пралазь праз турнікет. У аўтобусе ў Маскве заходзяць у пярэднія дзьверы праз турнікет, у кіроўцы ты можаш купіць квіток і скасаваць яго ў кампосьцеры на круцёлцы, тады яна паварочваецца і прапускае цябе. З рэчаў у мяне быў адзін пляцачок, таму я лёгка праціснуўся паўз турнікет, сеў сьпераду, і аўтобус павёз нас у Маскву.

Паехалі мы нейкім іншым, чым звычайна, шляхам. Аўтобус доўга аб’язджаў бясконцыя маскоўскія раёны. Мне гэта было за бясплатную экскурсію. Мабыць, калі б я пажыў даўжэйшы час у Маскве, я прызвычаіўся б да яе, а так, бываючы ў “белакаменнай” гады ў рады, кожны раз на яе прасторах я адчуваю сябе маленькай і слабенькай кузуркаю. Масква насьцярожвае і трымае ў напрузе. Але гэта толькі першыя дні. Затым паступова прызвычайваешся і да бясконцых вераніцаў аўто, і да чалавечага мурашніка ў глыбокім падзямельлі метро, і да пярэстай прывакзальнай мітусьні. А яшчэ праз колькі дзён прыходзіць раўнавага і спакой чалавека, які жыве ў мегаполісе. Такое самае адчуваньне ў мяне было ў Нью-Ёрку і ў Парыжы, вялізных сусьветных гарадах, дзе людзей жыве столькі багата, што ты ў гэтай сваёй згубленасьці і адзіноце ўрэшце знаходзіш вольнасьць і самадастатковасьць.

Мае думкі перарваў званок тэлефона, высьвеціўся маскоўскі нумар. Я адказаў. Мяне шукаў кіроўца, які спазьніўся ў аэрапорт. Я падзякаваў і адказаў, што дабяруся сам. Адно ўдакладніў, на якой станцыі метро мне лепей выйсьці. Я ехаў далей і далей. І дзівіўся той грунтоўнейшай мадэрнізацыі, якую перажывае Масква. Новыя аграмадныя кварталы на ўскраінах замяніліся даўнімі ўжо кварталамі, забудаванымі ў 70–80-я гады. Але і там паўсюль былі ўстаўленыя новыя будынкі крамаў, кавярняў, офісаў. Відавочна было, што ў Маскву былі ўкладзеныя мільярды і мільярды даляраў.

Урэшце мне падказалі, што наступны прыпынак — гэта і будзе метро. Але ўвайшоў кантралёр. Я патлумачыў яму, чаму еду без квітка, і памахаў тысячнай купюраю. Кіроўца пацьвердзіў, што сам прапусьціў мяне, і кантралёр выпусьціў мяне безь пярэчаньняў. Яшчэ не хапала беларускаму праваабаронцу быць аштрафаваным у Маскве за бесквітковы праезд.

Праз гадзіну, даехаўшы на метро, я быў на вуліцы, пазначанай у запрашэньні. Я шукаю патрэбны мне будынак. У маскоўскіх адрасах ёсьць не толькі вуліцы, дамы і кватэры, але існуюць і “проезды” і “строения”, па-нашаму “пабудовы”. Чым дом на гарадской вуліцы адрозьніваецца ад пабудовы, я не ведаю. Можа, тым, што гэтая пабудова стаіць у дварах і гэта як нашыя карпусы? А можа, тым, што ў пабудовах няма жылых кватэраў, а толькі службовыя памяшканьні? Спытаць няма ў каго, і я шукаю мудрагелістую дом-пабудову, дзе знаходзіцца памяшканьне для правядзеньня прэс-канферэнцыяў. Гэта даволі зручна — мець у горадзе памяшканьне, дзе кожны жадаючы можа правесьці прэс-канферэнцыю і калі ўсе журналісты ведаюць гэтае месца. Звычайна такія залы маюць прэс-цэнтры ці незалежныя журналісцкія арганізацыі. Я бачыў такія памяшканьні ў Бялградзе і Бішкеку, а зараз вось шукаю яго ў Маскве.

З вуліцы па гэтым адрасе ў доме з карункавым цагляным фасадам, пабудаваным у стылі расійскага мадэрну, шыльды, якая казала б пра існаваньне прэс-цэнтра, няма. У мяне ёсьць яшчэ вольнага часу, і я іду па вуліцы, разглядаючы дамы. У адным зь іх, старым барскім палацы, месьціцца Акадэмія мастацтваў Расіі. У вокнах відаць гіпсавыя бюсты і фігуры. У іншым будынку — рэстаран, а перад ім стаіць швейцар у гарнітуры з чырвонага сукна зь цяжкімі шнурамі залатых аксельбантаў на грудзях і ў сіняй фуражцы. Ён запрашае ўсіх мінакоў зайсьці ўсярэдзіну і адабедаць. Я праходжу далей. На вуліцы захавалася багата старых дамоў ХІХ стагодзьдзя цікавай архітэктуры. Але на некаторых пляцах — навабуды. Навабуды — сімвал новай капіталістычнай Масквы, горада-мегаполіса, які заселены зараз вялікай інтэрнацыянальнай грамадою.

Я вяртаюся назад. Да ганка пазначанага ў запрашэньні будынка падыходзяць дзьве жанчынкі замежнага выгляду. Зьзяе яркае веснавое сонца, ручаі з расталага сьнегу цякуць па вуліцы, сонечныя зайцы адбіваюцца ад ваконных шыбаў і скачуць па машынах, па людзях, робячы іх больш сьвяточнымі і весялейшымі. Мы вітаемся. Гэта аказваюцца дыпламаткі зь фінскай амбасады, якія цікавяцца Беларусьсю. Фінскай амбасады ў Менску няма, і беларускімі справамі фіны цікавяцца зь Вільні і Масквы. Фінскія дыпламаткі таксама ўпершыню прыйшлі па гэтым адрасе і гэтаксама не ведаюць дакладнага месца, дзе будзе адбывацца прэс-канферэнцыя.

Я набіраю нумар маёй знаёмай з “Human Rights Watch”, і яна скіроўвае нас па тэлефоне. Мы абыходзім будынак зьлева, уваходзім у арку. Маладыя смуглявыя і чырванашчокія кіргізы ў вайсковых бушлатах раскідаюць-растрасаюць у двары сьнег. Яны разразаюць зьляжалыя вогкія сумёты бляшанымі шуфлямі і адкідаюць сьнежныя і ледзяныя глыжы на сонца. Патрэбныя нам дзьверы знаходзяцца справа. Мы ўзьнімаемся па зваранай з арматурных прутоў лесьвіцы на ўзровень першага паверха, які вышэйшы за цокаль дома, і заходзім усярэдзіну. У памяшканьні ўжо ёсьць журналісты — каля 20 чалавек і тры здымачныя групы. Мне гавораць, што для Масквы, дзе ўвесь час штосьці адбываецца, такая колькасьць журналістаў — гэта вельмі добра.

Першаю выступіла аўтарка даклада з “Human Rights Watch”. Затым выказаліся я і расійскі праваабаронца Валянцін Гефтар. Каб не зануджваць журналістаў, мы пастараліся ўкласьціся ў гадзіну. Я быў задаволены. Праз інфармацыйныя агенцтвы, тэлеканалы, праз газеты голас беларускіх праваабаронцаў, нашая ацэнка падзеяў 19 сьнежня ў Менску будзе пачутая і ў Расіі. Апроч таго з гэтай хвіліны даклад “Human Rights Watch” па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стаў інфармацыйнай зьяваю. Багата хто з зацікаўленых асобаў прачытае яго.

Нечаканы розгалас атрымаў выступ Валянціна Гефтара. Ён гаварыў коратка, мо якіх пяць хвілінаў, імкнучыся ўвесьці ў кантэкст таго, што адбываецца ў Беларусі, і журналістаў, і верагоднага чытача-гледача. Ён сказаў, што катаваньні беларускіх вязьняў, пра якія ідзе размова, вядома, нельга параўнаць з тым, што адбываецца ў Расіі, у Чачні, Інгушэціі і на астатнім Каўказе, дзе катуюць да сьмерці ці да калецтва. Але ж гэта ўсё роўна парушэньне правоў чалавека.

Я разумею, чаму так сказаў Валянцін, бо казаў ён для расійскіх журналістаў, якія сапраўды багата чаго бачылі ў сваіх гарачых кропках. Але тым не менш я, адказваючы на пытаньні журналістаў, яшчэ раз падкрэсьліў, што, згодна са сьведчаньнямі вязьняў “амерыканкі”, да іх ужываліся катаваньні. І што ацэньваць тое, што адбывалася ў “амерыканцы” зь беларускімі вязьнямі, варта сыходзячы зь міжнародных стандартаў. Валянцін Гефтар, вядома, пагадзіўся са мной.

Ужо пасля канферэнцыі “Human Rights Watch” разьмясьціла запіс нашых выступаў у інтэрнэце. І там “сумневы” Гефтара наконт катаваньняў у “амерыканцы” прагучалі літаральна. Тады беларускі журналіст і драматург, паплечнік і сябра кандыдата ў прэзідэнты А. Саньнікава Мікалай Халезін, які, асьцерагаючыся рэпрэсіяў, вымушаны быў пасьля 19 сьнежня зьехаць зь Беларусі, рэзка раскрытыкаваў Валянціна Гефтара на сайце “Хартыі”. Не ведаю, ці чытаў яго аўтар непаразуменьня Валянцін Гефтар, але “Вясна” з гэтай нагоды прыняла заяву, дзе мы адназначна сьцьвярджалі, што ўтрыманьне палітычных вязьняў у “амерыканцы” мы расцэньваем як нечалавечнае абыходжаньне і катаваньне.

Але гэтае высьвятленьне пазіцыяў адбывалася ўжо ў наступныя тыдні пасьля майго вяртаньня з Масквы. А ў гэты дзень правядзеньня прэс-канферэнцыі мы, выступоўцы і арганізатары, прайшліся разам у бок метро, бо Валянцін, як заўсёды, некуды сьпяшаўся. Зайшлі ў прыметроўскую кавярню, ссунулі два столікі і ўселіся паразмаўляць яшчэ раз сваёй невялікаю кампаніяй. Мы выпілі кавы, зьелі блінчыкаў з сырам. Затым Валянцін пабег па сваіх справах, а мяне на офіс “Human Rights Watch” павяла маладая дзяўчына, напалову францужанка, напалову руская, якая жыла і вучылася ў парыжскай Сарбоне, а прыехала ў Маскву на некалькі месяцаў на практыку працаваць валанцёркаю ў офісе “Human Rights Watch”.

Яна завяла мяне на офіс, які знаходзіўся гэтаксама на кватэры, як і офіс праваабарончага цэнтра “Вясна”. Але ж наколькі адрозьніваўся стыль працы нашых арганізацыяў! У нас гэта была пляцоўка, куды вечна то ўваходзілі, то выходзілі плоймы і вераніцы людзей: ахвяры палітычных рэпрэсіяў і іхныя сваякі, праваабаронцы зь іншых арганізацыяў, журналісты, актывісты з інакшых няўрадавых арганізацыяў, моладзь ды ўсялякі розны народ. А тут — кодавы замок з кодам “для сваіх”, некалькі супрацоўнікаў і амаль падпольная, насьцярожаная цішыня. Абмежавальны і аскетычны рэжым працы маскоўскага офіса “Human Rights Watch” сьведчыў, што яны працуюць у неспрыяльнай для арганізацыі атмасферы, у прыхаваным рэжыме. Квіток на самалёт да Масквы я купляў у Менску за беларускія рублі, мне аддалі грошы за квіток у расійскіх рублях.

Я выйшаў з офіса “Human Rights Watch” на веснавую маскоўскую вуліцу. Сонца прыпякала на ўсю моц. Я зьлятаў у Менск увечары і яшчэ меў крыху часу, каб зайсьці ў кнігарню. Кнігарня была і гарбатняю, усярэдзіне смачна пахла зёлкамі і рознымі гатункамі гарбаты. Я купіў “Круты маршрут” Яўгеніі Гінзбург, успаміны рэпрэсаванай у 30-я гады выкладчыцы. Яна запомніла і апісала свой шлях у пекле сталінскіх турмаў і лагераў. Аўтарка пасьля перажытага стала антысталіністкаю, а яе сын, таленавіты расійскі пісьменьнік Васілій Аксёнаў, пайшоў яшчэ далей. Ён быў “антысавецкім” пісьменнікам, дысідэнтам і ў часы СССР вымушаны быў эміграваць на Захад.

Затым я паехаў у аэрапорт і паляцеў у Менск.

5 жніўня, на наступны дзень пасьля арышту, мяне прывезьлі з “абязьяньніка” Савецкага РУУС ізноў у Сьледчы камітэт у ДФР на вуліцу Глебкі на допыт. Пасьля допыту, перад адпраўкаю ў СІЗА на Валадарку, мне дазволілі забраць у жонкі перадачу зь неабходнымі рэчамі. Калі я забраў торбу, то сярод адзеньня, туалетнай паперы і харчоў убачыў тоўсты том Яўгеніі Гінзбург “Круты маршрут”, прывезены мной з Масквы. “Гэта табе, каб не было сумна”, — адказала на мой запытальны погляд жонка. Хоць я пасьпеў ужо прачытаць гэтую кніжку, я быў удзячны. “Круты маршрут” прапусьцілі ў СІЗА на Валадарскага, і я перачытаў яе. У камеры № 15 засталася гэтая кніга пасьля майго этапаваньня ў Жодзінскае СІЗА.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства