Салігорскае ТБМ працягне барацьбу за выкананне Закона "Аб найменнях геаграфічных аб'ектаў"
15 кастрычніка Салігорск наведаў старшыня Анамастычнай (Тапанімічнай) камісіі Таварыства беларускай мовы Вінцук Вячорка. Падчас сустрэчы з мясцовымі актывістамі ТБМ была абмеркавана далейшая стратэгія барацьбы за выкананне ў сталіцы шахцёраў Закона “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў”.
Нагадаем, напрыканцы верасня сябры салігорскай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” звярнулі ўвагу мясцовых чыноўнікаў на парушэнне згаданага закона. “Значная колькасць інфармацыйных шыльдаў на будынках горада з назвамі салігорскіх вуліц выкананы не на беларускай мове, а на рускай і да таго ж з парушэннем правіл транслітэрацыі,” - адначалі ў сваім звароце актывісты.
На думку спадара Вячоркі, салігорскім актывістам, краязнаўцам ды гісторыкам варта ісці далей - пачынаць ставіць пытанні пра сістэмнае ўпарадкаванне ўрбананімічнага ландшафту гораду, асвятляць свае захада для грамадскасці, актыўней турбаваць чыноўнікаў. Артыкулам 4 Закона “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў” закладзеныя асноўныя прынцыпы ў гэтай галіне. Галоўным з якіх у першую чаргу з’яўляецца ўлік геаграфічных, гістарычных, прыродных, нацыянальных, этнаграфічных, сацыяльных ды культурных умоваў.
Мясцовыя актывісты пагадзіліся, што цяперашняя заканадаўчая база дае больш прававых магчымасцяў для ператварэння салігорскай урбананіміі. Нягледзячы на малады ўзрост Салігорска, тутэйшыя аўтэнтычныя тапоніміі неабходна даследваць і вяртаць, бо яны з’яўляюцца помнікамі нематэрыяльная культуры і, паводле заканадаўства, ахоўваюцца дзяржавай.
Варта адзначыць, што сустрэча адбылася, сярод іншага, дзеля падтрымкі кампаніі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый “Зробім лепш!”.