viasna on patreon

У Мазыры ўганаравалі лаўрэатаў конкурсу «Народны журналіст»

2013 2013-10-16T15:56:12+0300 2013-10-16T15:56:12+0300 be

Павіншаваць з перамогай у гэтым конкурсе непрафесійных журналістаў Дзяніса Рабянка з Калінкавічаў і Уладзіміра Целепуна з Мазыра, а таксама маральна падтрымаць іх прыехалі з Мінска адзін з каардынатараў грамадскай акцыі  Вінцук Вячорка і сябры журы.

Вячорка паведаміў, што пераможцамі конкурсу сталі аўтар тэкстаў пра аграгарадкі Мікола Бусел з вёскі Дуброва Светлагорскага раёну Гомельскай вобласці, Дзяніс Рабянок за артыкул «Даўгабуд, як прыкмета «сильной и процветающей» Беларусі», а таксама Аляксей Каваленка з Гомелю за матэрыял «Несалодкае жыццё беларускіх дыябэтыкаў».  Праца Уладзіміра Целяпуна «Мазыр — пацёмкінскі горад»… Прайшоў год» заняла пятае месца. Дарэчы, гэтая праца з’яўляецца працягам тэксту, прадстаўленага на мінулагодні конкурс, дзе аўтар стаў адным з пераможцаў. 

У сваім артыкуле Дзяніс Рабянок распавядае, як у будоўлю дзесяцігоддзя пераўтварылася ўзвядзенне звычайнай спартыўнай залы ў самай вялікай калінкавіцкай школе №1, дзе навучаюцца больш за тысячу хлопчыкаў і дзяўчатак. Прычым, гэты даўгабуд мясцовае чынавенства апраўдвае звычайным дэфіцытам бюджэтных сродкаў. Але аб сапраўдных прыярытэтах гарадскіх уладаў сведчыць той факт, што адначасна ў Калінкавічах адбылася маштабная рэканструкцыя цэнтральнай плошчы з пераносам помніку Уладзіміру Леніну і ўзведзены новы будынак фонду сацыяльнай абароны. 

Аўтар, між іншым, піша: «Больш за ўсё пытанняў да райвыканкамаўскіх стратэгаў. Замест таго, каб выбачыцца перад людзьмі і адкрыта сказаць, што няма сродкаў, бо эканоміка краіны на мяжы калапсу,»Калінкавіцкія навіны» з нумара ў нумар, асабліва перад прэзідэнцкімі выбарамі, цвердзілі: эканоміка на пад’ёме, падставаў для хваляванняў няма, адным словам, усё добра. Атрымліваецца парадокс. Калі паверыць прапагандзе, дык Беларусь — гэта краіна ці не з найлепшымі паказчыкамі эканамічнага росту сярод рэспублік былога СССР. А як дойдзе да справы, то грошай няма нават для вырашэння самых простых праблем, у тым ліку для будаўніцтва звычайнай школьнай спортзалы. Напэўна мясцовых чыноўнікаў не цікавіць, што думаюць пра іх тыя жыхары гораду, чые дзеці навучаюцца ў той самай школе №1, бо ўлады не абіраюцца грамадзянамі, а прызначаюцца Прэзідэнтам і менавіта перад ім трымаюць справаздачу».

З-за сваёй грамадзянскай пазіцыі і актыўнай грамадскай дзейнасці Дзяніс Рабянок, які пры заканчэнні педуніверсітэту атрымаў дыплом з адзнакай, не можа ўладкавацца на працу па абранай спецыяльнасці настаўніка-філолага. І гэта адбываецца ў краіне з вострым недахопам настаўнікаў-мужчын. Апроч таго, у біяграфіі маладога чалавека шмат іншых фактаў уціску і рэпрэсій: адміністрацыйны арышт, штрафы і напад з ужываннем газавага балончыку, у выніку чаго Дзяніс Рабянок атрымаў апёк вачэй.

Такога ж кшталту біяграфія і ў другога неабыякавага чалавека — праваабаронцы Уладзіміра Целепуна — былога інжынера мясцовага кабельнага заводу, дзе ён адпрацаваў 34 гады ад рабочага да начальніка аддзелу. Былога таму, ў 2010 годзе кіраўніцтва прадпрыемства без усялякага тлумачэння прычынаў не працягнула кантракт з гэтым перадпенсійнага ўзросту карэнным палешуком (пра што сведчыць прозвішча мужчыны ад назвы ягонай малой радзімы вёскі Целепуны, якая зараз уваходзіць у рысу Мазыра). І дагэтуль Уладзімір Целяпун аніяк не можа ўладкавацца на працу.

У сваім артыкуле праваабаронца ўздымае актуальную праблему роўнасці правоў грамадзянаў на адпаведнае бюджэтнае фінансаванне іх сацыяльных патрэбаў, што далёка не заўсёды бывае. Так, у цэнтры Мазыра, каб стварыць у вышэйшага начальства і турыстаў добрае ўражанне пра гэты незвычайны горад, што сярод роўнядзі Палесся ўздымаецца моцнаю градою з гарамі і ярамі, улады за бюджэтныя сродкі нават прыватныя дамы месцічаў агароджваюць платамі з бетону і металапрофілю, сцены пакрываюць сайдынгам, а дахі — металачарапіцаю. Але ж зусім іншы краявід на ўскрайку гораду, куды не выпадае той чыноўнай ўвагі і клопату, якімі карыстаюцца жыхары вуліцаў, бліжэйшых да цэнтру Мазыра.

Дзеля добраўпарадкавання гарадскіх ускрайкаў Уладзімір Целяпун у кастрычніку мінулага году ў межах конкурсу «Народны журналіст» накіраваў на сайт narodny.by адпаведны артыкул, надрукаваны таксама на сайце незарэгістраванага правабарончага цэнтру «Вясна» і ў газеце «Народная воля». Нагодай для артыкулу стаў адкрыты зварот праваабаронцы да кіраўніцтва горада. Артыкул і зварот распачалі мясцовую лакальную сацыяльную кампанію прыцягнення ўвагі грамадзянаў да добраўпарадкавання таго асяродку, дзе яны жывуць — вуліцы, двара, дома.

У новым артыкуле, дасланым на апошні конкурс, праваабаронца аналізуе ход кампаніі і яе прамежкавыя вынікі. Уладзімір Целяпун, між іншым, піша: «Больш паловы вуліцы імя Гастэлы так і не дачакалася рамонту. Такое ўражанне, што кіраўнікі горада і «Мазырскага камунальніка» ня ведаюць што рабіць з гэтай вуліцай. Магчыма, усе сродкі пайшлі ў Жлобін, на «Дажынкі». Аднак ад гэтага настрой жыхароў вуліцы Гастэлы не палепшыўся… Вынікам інфармацыйнай кампаніі можна лічыць актыўнасць жыхароў іншых дамоў і вуліцаў. Так жыхары дому №34 па вуліцы Палескай скарысталіся тэлеканалам «Мазыр». Выклікалі журналістаў, якія знялі і паказалі відэасюжэт па праблемах у двары гэтага дома. Нешта было зроблена — пашырана пляцоўка для стаянкі прыватных аўто, заасфальтаваны ўчастак двара, каб вада не зацякала ў пад’езды і падвалы дому».

Уладзімір Целяпун упэўнены, што «поспех такіх кампаніяў магчымы толькі пры ініцыятыве і настойлівасці саміх грамадзянаў, а таксама пры пастаянным грамадскім кантролі за абяцаннямі чынавенства». І, вядома, пры ўмове, што мясцовая ўлада не прызначаецца, а сапраўды выбіраецца народам.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства